Читать «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990» онлайн - страница 343
Аляксей Гардзіцкі
Скончыў гістарычны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута (1956). Настаўнічаў у Брожскай сярэдняй школе на Бабруйшчыне (1956-1961), у Дварэцкай сярэдняй школе (1965-1966), быў выхавацелем у Гарадзецкай школе-інтэрнаце (1961) Рагачоўскага раёна. Працаваў у раённых газетах у Рагачове, Жлобіне, Калінкавічах, Карме. З 1972 г. - адказны сакратар рагачоўскай раённай газеты «Камунар». Сябра СП СССР з 1979 г.
Дэбютаваў у друку вершам у 1958 г. (бабруйская раённая газета «Камуніст»). Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Разнотравье» (1971), «Кросны» (1980), «Жыцейка-жыта» (1990), кніжак апавяданняў для дзяцей «З людзьмі добра» (1973) і «Зраблю сонейка» (1978), «Жменька жалудоў» (1989), кніжкі-маляванкі «Лета ў серванце» (1981) і зборніка вершаў «Залаты вулей» (1986). На беларускую мову пераклаў кнігу вершаў Д.Кавалёва «Вечназялёная Ветка» (1990).
Ярац Віктар, нарадзіўся 23.10.1948 г. у пасёлку Красны Мост Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1966 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, У 1968 г. перавёўся ў Гомельскі педагагічны інстытут, на базе якога ў 1969 г. быў адкрыты ўніверсітэт (скончыў у 1970). Быў некалькі месяцаў загадчыкам сельгасаддзела рагачоўскай раённай газеты «Камунар». У 1970-1971 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў на Гомельскай студыі тэлебачання. У 1975 г. скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта. Працуе выкладчыкам гэтага ўніверсітэта, з 1978 г. - дацэнт. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1980 г.
Першыя вершы апублікаваў у газеце «Піянер Беларусі» ў школьныя гады. Актыўна пачаў выступаць у друку з 1966 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Уваходзіны» (1976), «Добрыца» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989).
Выступае ў перыядычным друку па праблемах развіцця сучаснай беларускай паэзіі. Напісаў вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў-філолагаў «Беларускія паэты - лаўрэаты Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР» (Гомель, 1983).
Перакладае творы балгарскіх, летувіскіх, расейскіх, украінскіх паэтаў на беларускую мову.
Ярашэвіч Эдуард, нарадзіўся 28.08.1937 г. у горадзе Бабруйску ў сям'і служачага.
У 1954 г. скончыў Смілавіцкую сярэднюю школу Менскай вобласці. З-за цяжкай хваробы не змог вучыцца далей. Сябра СП СССР з 1970 г.
Памёр 06.10.1986 г.
У 1956 г. у рэспубліканскім друку было змешчана першае апавяданне (газета «Чырвоная змена»). Выйшлі зборнікі апавяданняў і аповесцей «Прызнанне» (1969), «Дзень далёкі і блізкі» (1973), «Практыка ў Вербічах» (1975), «Белыя Лугі» (1978), «Пражыць дзень» (1983), «Чакаю цябе, раніца» (1987), а таксама зборнік гумарыстычных апавяданняў «Вішанькі Восіпа Міхеевіча» (1969).
Яромушкін Мікалай, нарадзіўся 17.12.1904 г. у горадзе Арэхава-Зуеве Маскоўскай вобласці (Расея) у рабочай сям'і.
Скончыў два курсы літаратурнага аддзялення 1-га Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1929). У 1929-1930 гг. жыў у Ленінградзе, працаваў літкансультантам часопіса «Резец». Вярнуўшыся ў Арэхава-Зуева, працаваў у раённай газеце, у Палацы культуры. З 1932 г. жыў у Маскве, працаваў загадчыкам літаддзела часопіса «Рост», рэдактарам выдавецтва ЦДРАМ, намеснікам адказнага рэдактара часопіса «Мурзилка». У 1941-1942 гг. - намеснік загадчыка аддзела агітацыі і прапаганды Арэхава-Зуеўскага райкама партыі. Вучыўся ў Вышэйшай ваеннай педагагічнай навучальні ў Ташкенце (1942-1943). З 1943 г. - адказны сакратар дывізійнай, затым карпусной газет. У 1946-1949 гг. - рэдактар газеты «За торф» (Арэхава-Зуева). У 1950-1964 гг. - літсупрацоўнік газеты Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины». Кіраваў літаб'яднаннем вайсковых пісьменнікаў. Сябра СП СССР з 1960 г.