Читать «Залаты век Беларусi (на белорусском языке)» онлайн - страница 8

Станислав Акиньчиц

У 1518 годзе рух Рэфармацыi ахапiў Швайцарыю. Гэтая горная краiна ўяўляла сабою саюз вольных кантонаў, кожны зь якiх быў малою рэспублiкаю. З тых часоў, калi швайцарцы, абараняючы незалежнасьць сваёй краiны, разьбiлi славутыя аддзелы бургундзкiх рыцараў, усе эўрапейскiя валадары запрагнулi мець у сваiм войску швайцарскую пяхоту. Маладыя людзi з альпiйскiх вёсак iшлi ў чужаземныя войскi i сотнямi гiнулi на палях бiтваў. Лямантам у пустынi стаў голас Ульрыка Цвiнглi, патрыёта i рэфарматара, якi з амбоны катэдральнага касьцёлу ў Цюрыху выступiў супраць наёмнай службы, нязгоднай з хрысьцiянскай маральнасьцю. Абвяшчаючы, як i Лютар, збаўленьне празь веру, Цвiнглi выступiў таксама супраць iндульгенцыяў, заклiкаючы выгнаць з гораду тых, хто прадае адпушчэньне грахоў, як ашуканцаў i махляроў, i сьцьвердзiў, што толькi Бiблiя ўтрымлiвае прынцыпы, абавязковыя для кожнага хрысьцiянiна. У хуткiм часе рада Цюрыху абвесьцiла пра пераход кантону на бок Рэфармацыi. Замест незразумелай лацiны ў царкоўных пропаведзях загучала родная мова. Цюрыхскiя цэрквы пазбавiлiся алтароў, абразоў, статуяй i сталi дамамi малiтвы. Надаючы царкве першасны вобраз, Цвiнглi арганiзаваў самакiраваньне ў царкоўных супольнасьцях.

Рэформы Цвiнглi прынялi найбольш перадавыя кантоны Бэрн, Базэль, Цюрых. Але спроба распаўсюдзiць Рэфармацыю на ўсю краiну сустрэла ўпарты супрацiў так званых "старых" кантонаў, якiя мелi немалы даход з наёмнай службы швайцарцаў. Спрэчка пра веру сталася спрэчкаю пра далейшыя шляхi разьвiцьця краiны. Гэта прывяло да вайны. 12 сьнежня 1531 году ў бiтве пры Капэлi цюрыхскi аддзел у 1 800 ваяроў быў разьбiты 8-тысячнай армiяй, сабранай старымi кантонамi. Паранены Цвiнглi трапiў у рукi ворагаў, якiя прапанавалi яму захаваць жыцьцё, калi ён вырачацца сваёй веры, але Цвiнглi адмовiўся i быў забiты.

Аднак сьмерць Цвiнглi не спынiла Рэфармацыю ў Швайцарыi. Яе працягнуў iншы рэфарматар - Жан Кальвiн. Пакаяўшыся ў 1534 годзе, ужо ў 1536 годзе ён скончыў трактат "Хрысьцiянскае выхаваньне", названы гiсторыкамi "кнiгаю, якая мела найбольшы ўплыў на тэалёгiю ў гiсторыi Царквы" i "клясычным тэкстам францускай мовы". Жан Кальвiн вярнуў хрысьцiянству праўду, што кожны чалавек створаны Богам для нейкай канкрэтнай мэты, i сэнсам яго жыцьця зьяўляецца знайсьцi i рэалiзаваць Божы плян. Грэх зрабiў чалавека няздольным ажыцявiць сваё прызначэньне, але Хрыстос вызвалiў яго з гэтай няволi i даў яму шанец рэалiзавацца. Толькi дзякуючы веры ў Хрыста чалавек можа стаць самiм сабою i дасягнуць сваёй мэты. У тым жа 1536 годзе Кальвiн быў запрошаны ў Жэневу, вялiкi горад, поўны распусты i п'янства. Два гады змагаючыся з немаральнасьцю i духоўнай абыякавасьцю жэнеўцаў, рэфарматар адмовiўся рабiць ламаньне хлеба, калi жыхары гораду не пакаюцца ў сваiх грахах. Рада Жэневы ў адказ пастанавiла выгнаць занадта радыкальнага прапаведнiка. Аднак праз тры гады жэнеўскiя месьцiчы зноў запрасiлi Кальвiна да сябе, i ў хуткiм часе сьвет убачыў прыклад зрэфармаванага гораду. Вулiцы Жэневы сталi бясьпечныя нават уначы, i iдучы па iм, ня трэба было баяцца, што нехта вылье памыi на галаву або пачне чапляцца нейкi п'янiца. Апошнi шынок, дзе прадавалi вiно гарадзкiм алькаголiкам, зачынiўся тры гады таму, а ягоны гаспадар зьехаў у Францыю, дзе людзям яшчэ патрэбна вiно, каб уцячы ад праблемаў у сям'i цi ад безнадзейнасьцi жыцьця. Каля кожнага дому чыста прыбрана, бо кожная вулiца мае адказнага, якi глядзiць за парадкам i мае права штрафаваць таго, хто ператварае сваё жытло ў сьметнiк. Квартал гарадзкой басоты цяпер не пазнаць: адзiн стаў майстрам, другi працуе ў друкарнi, а Жан Дзiвак стаў банкiрам. Банк яго пакуль што невялiкi, але хто ведае, што будзе праз пару дзесяткаў гадоў. Кожны грош палiчаны i не iдзе абы-куды, але пускаецца на разьвiцьцё справы. У нядзелю горад пусьцее, бо кожны сьпяшаецца ў царкву, трымаючы пад пахаю Бiблiю.