Читать «Залаты век Беларусi (на белорусском языке)» онлайн - страница 10

Станислав Акиньчиц

Адзiн з галоўных прынцыпаў аднаўленьня духоўнага жыцьця заключаецца ў непасрэдных адносiнах з Богам, якiя базуюцца на чытаньнi i разуменьнi Бiблii кожным чалавекам, таму разьвiцьцё Рэфармацыi выклiкала дынамiчны рост колькасьцi навучальных установаў ва ўсёй Эўропе. Кожная эвангельская царква iмкнулася мець школу, у якой бы дзецi i дарослыя вучылiся чытаць, пiсаць, лiчыць i г.д. Лютаранская Швэцыя стала першай краiнай, якая ўвяла ўсеагульную адукацыю на дзяржаўным узроўнi. З Рэфармацыi таксама бярэ свой пачатак такая навука як пэдагогiка. Ян Амос Каменскi, прапаведнiк i настаўнiк, увёў тыя прынцыпы, на якiх трымаецца сучаснае навучаньне, напрыклад: "Настаўнiк павiнен вучыць ня столькi, колькi ён можа, а колькi вучань можа зразумець". Каб дзецi лепш маглi ўспрыняць матэрыял, ён першы пачаў выкарыстоўваць малюнкi ў навучальным працэсе.

Чытаючы Бiблiю, многiя адукаваныя людзi XVI-XVII стагодзьдзяў зьвярнулi ўвагу на тое, што Бог хоча, каб кожны чалавек вывучаў, пазнаваў, разьвiваў i абрабляў той сьвет, у якiм ён жыве. Гэта дало пачатак разьвiцьцю прыродазнаўчых навукаў. Дацкi астраном Тыха Брагэ заснаваў ва Ўнiборгу найлепшую ў Эўропе абсэрваторыю, якая стала навуковым цэнтрам Данii. Дзякуючы гэтаму, Тыха Брагэ выканаў найдакладнейшыя астранамiчныя вылiчэньнi i склаў каталёг тысячаў зорак. На аснове гэтых дасьледваньняў нямецкi вучоны Ёган Кеплер, якi прысьвяцiў сваё жыцьцё пошуку матэматычнай гармонii, у адпаведнасьцi зь якой Бог стварыў сусьвет, адкрыў тры законы абарачэньня плянэтаў вакол Сонца, канчаткова давёўшы гелiяцэнтрычную будову Сонечнай сыстэмы i стаўшы адным з пачынальнiкаў сучаснай астраномii. Нямецкi батанiк Фукс даў навуцы найбольш шырокую i сыстэматызаваную батанiчную намэнклятуру. Ангельскi фiлёзаф Фрэнсiс Бэкан, якi лiчыў неабходным аднавiць панаваньне чалавека над прыродай, страчанае ў вынiку грэхападзеньня, стаў адным з заснавальнiкаў мэтаду навуковага экспэрымэнту, якi прадвызначыў iмклiвае разьвiцьцё навукi ў наступных стагодзьдзях. У пазьнейшыя часы iдэi, народжаныя з чытаньня Слова Божага, натхнялi матэматыка Готфрыда Ляйбнiца i фiзыка Iсаака Ньютана. Менавiта вяртаньне хрысьцiянскага сьвету да Бiблii дало пачатак астраномii, фiзыцы, хiмii, батанiцы, анатомii i iншым навукам, безь якiх немагчыма ўявiць сучасную цывiлiзацыю.

Да часоў Рэфармацыi адносiцца ўзьнiкненьне паняцьцяў, якiя сёньня вядомыя як агульначалавечыя каштоўнасьцi. Свабода сумленьня, свабода слова, права на жыцьцё, права на адукацыю i многiя iншыя сягаюць сваiмi каранямi ў XVI стагодзьдзе.