Читать «Залаты век Беларусi (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Станислав Акиньчиц

Але ня толькi перакладамi i рэлiгiйнымi трактатамi Марцiн Лютар абнаўляў царкву. Ён пiсаў таксама песьнi, якiя сьпявалi па ўсёй Нямеччыне i за яе межамi. Ягоныя псальмы распаўсюджвалi Эвангельле хутчэй за ягоныя пропаведзi. Марцiн Лютар зрэфармаваў таксама лiтургiю, праводзячы яе на нямецкай мове i ставячы ў яе цэнтры пропаведзь Слова Божага.

Вучэньне Лютара можна абагульнiць наступнымi прынцыпамi:

1. Sola gratia - толькi ласка Божая. Чалавек сваiмi ўласнымi намаганьнямi нiяк ня можа заплацiць за свае грахi. Бог Сам вырашыў гэтую праблему, паслаўшы Свайго Сына Iсуса Хрыста, Якi Сваёй сьмерцяй заплацiў за кожнага грэшнiка. Чалавек нiчым не заслужыў свайго выратаваньня, гэта iнiцыятыва мiласэрнага Бога.

2. Sola fides - толькi вера. Адказам чалавека на Божую iнiцыятыву павiнна быць вера. Вера - гэта прыняцьцё таго, што Бог ужо зрабiў для кожнага чалавека. Чалавек сам па сабе ня можа быць праведным. Праведнасьць зьяўляецца дарам ад Бога, якi прыходзiць толькi празь веру.

3. Sola Scriptura - толькi Сьвятое Пiсьмо. У Бiблii Бог адкрывае Свой плян, якi мае для кожнага чалавека i для сьвету. Бiблiя зьяўляецца адзiным крытэрам, якi паказвае Божыя стандарты для кожнай сфэры жыцьця чалавека.

4. Sola Christo - толькi Хрыстос. Няма iншага шляху выратаваньня чалавека, як толькi вера ў Iсуса Хрыста. Верыць у Хрыста - гэта значыць iмкнуцца жыць жыцьцём Сына Божага. Насьлядаваньне Хрыста зьяўляецца сутнасьцю хрысьцiянскага жыцьця.

Рэформы, пачатыя Марцiнам Лютарам, ахапiлi ўсю Эўропу. У 1526 годзе Альбрэхт Гогенцольлерн абвесьцiў лютаранства афiцыйным веравызнаньнем Прусii. У гэты самы час Швэцыя вяла змаганьне за вызваленьне ад дацкага панаваньня, i змагары за незалежнасьць iшлi пад штандарамi Рэфармацыi, ствараючы лютаранскую царкву ў сваёй краiне. У 1529 годзе нямецкiя князi на iмпэратарскiм сойме ў Шпэеры выступiлi з пратэстам супраць пастановаў, скiраваных на забарону рэфармацыйнага руху. З гэтага часу пасьлядоўнiкаў Рэфармацыi сталi называць пратэстантамi.