Читать «Залаты век Беларусi (на белорусском языке)» онлайн - страница 13

Станислав Акиньчиц

Адносны супакой, якi панаваў у Вялiкiм Княстве ў сярэдзiне XV стагодзьдзя, а таксама шчыльны кантакт з Заходняй Эўропай перамянiў ваяўнiчых беларускiх баяраў у шляхту, якая ўсё больш займалася арганiзацыяй сваiх гаспадарак i пачынала сур'ёзна задумвацца аб сваiх правах. Грамата вялiкага князя Казiмiра ад 1447 году аб праве свабоднага выезду за мяжу на вучобу ва ўнiвэрсытэты i "для лепшаго счасьтя набытья" дазволiла дзесяткам i сотням ураджэнцаў Беларусi атрымлiваць вышэйшую адукацыю ў навучальных установах Кракава, Прагi, Вены, Падуi, Балёньi. Толькi на пераломе XV-XVI стагодзьдзяў у Кракаўскiм унiвэрсытэце вучылася 140 студэнтаў-лiцьвiнаў, сярод якiх быў i славуты Франьцiшак Скарына з Полацку.

Усьлед за iншымi эўрапейскiмi краiнамi шляхта Вялiкага Княства пачала абмяжоўваць уладу манарха. У 1492 годзе вялiкi князь Аляксандар выдаў прывiлей, паводле якога "гаспадар" быў абавязаны весьцi дыпляматычныя зносiны зь iншымi краiнамi толькi па ўзгадненьню з панамi раднымi, у справах унутраных нiчога не адмяняць з таго, што было вырашана разам з радаю, бяз згоды яе членаў не рабiць прызначэньнi на дзяржаўныя пасады цi зьмяшчэньнi зь iх, распараджацца фiнансамi толькi пад кантролем рады. Такiм чынам дзяржаўную кампэтэнцыю гаспадарскай рады Вялiкага Княства Лiтоўскага можна параўнаць з кампэтэнцыяй сучаснага парляманту. Гэта была даволi прадстаўнiчая структура, у якую ўваходзiлi каталiцкiя бiскупы, ваяводы i кашталяны вiленскi i троцкi, канцлер, гетман, скарбнiк, маршалкi i iншыя прадстаўнiкi дзяржаўнага апарату Княства, разам каля 50 чалавек.

У канцы XV стагодзьдзя аформiўся яшчэ адзiн прадстаўнiчы ворган дзяржаўнай улады - сойм, у склад якога ўваходзiлi паны-радныя, прадстаўнiкi вялiкакняскай адмiнiстрацыi i шляхта з усёй краiны. Спачатку ўся шляхта запрашалася на сойм, але пасьля было ўведзена прадстаўнiцтва - два дэпутаты ад павету, хоць нiякаму шляхцiчу не адмаўлялася права на асабiстую прысутнасьць на сойме.

Вялiкае Княства Лiтоўскае нiколi не было жорстка цэнтралiзаванай дзяржавай. Асновай яго заўсёды была дамова памiж вялiкiм князем i канкрэтнай зямлёй. Так у Полацку i Вiцебску вялiкi князь ня меў права асабiста прызначаць ваяводу бяз згоды земскага сойму - сходу прадстаўнiкоў шляхты ваяводзтва. Большасьць беларускiх гарадоў карысталiся магдэбурскiм правам, гэта значыць правам на самакiраваньне, якое вызваляла горад ад суду i ўлады вялiкакняскiх ваяводаў.