Читать «Залаты век Беларусi (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

Станислав Акиньчиц

Беларусь уваходзiла ў XVI стагодзьдзе як эўрапейская дзяржава, якая жыла тымi самымi прынцыпамi, што i рэшта Эўропы. Але на ўсходзе паднiмалiся чорныя хмары. Маскоўская дзяржава, падпарадкаваўшы сабе апошнiх канкурэнтаў, Вялiкi Ноўгарад i Цьвер, усутыч падыйшла да межаў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Пасваячыўшыся праз шлюб з Палеолагамi, дынастыяй Бiзантыйскай iмпэрыi, якая перастала iснаваць пад ударамi туркаў, маскоўскi князь Iван III пераняў герб Бiзантыi (дзьвюхгаловы арол), i яе палiтычную дактрыну, абвесьцiўшы Маскву трэцiм Рымам, а сябе - "гасударом усяе Русi". Iван III так фармулюе сваю пазыцыю: "Ано не то адно наша отчiна, коi городы i волостi i ныне за намi, i вся Руськая земля, Кiев i Смоленск i iные городы ... с Божьею волею iз старiны, от нашiх прародiтелей наша отчiзна". I гэта не былi толькi словы. Ад 1492 году ўсходняя мяжа становiцца самай неспакойнай мяжой Княства. Адна за другою пяць войнаў з Масквою спусташалi ўсходнюю Беларусь. Вялiкае Княства страцiла Вязьму, Смаленск, Чарнiгаў, Бранск. Аднак 8 верасьня 1514 году пад Воршаю 30-тысячнае беларускае войска, ведзенае гетманам Канстанцiнам Астроскiм, зьнiшчыла 80-тысячную маскоўскую армiю i на нейкi час спынiла агрэсiю.

Як i ў-ва ўсёй Эўропе, у Беларусi на пачатку XVI стагодзьдзя царква i рэлiгiя зьяўлялiся адным з неабходных элемэнтаў жыцьця грамадзтва. Будынак праваслаўнай царквы або каталiцкага касьцёла быў мейсцам, дзе людзей хрысьцiлi, хавалi, дзе яны зьбiралiся ў нядзелi i сьвяты. Царкоўныя званы рэгулявалi жыцьцё навакольных паселiшчаў, папярэджвалi аб небясьпецы. Аднак, хаця хрысьцiянства не было навiною ў краiне, большая частка сялянаў, а таксама месьцiчаў i шляхты характарызавалася хутчэй рэлiгiйнай абыякавасьцю, чым гарачай пабожнасьцю, молячыся i ў царкве, i старым паганскiм багам. Праваслаўная царква ўвайшла ў новае стагодзьдзе яўна ня могучы даць адказ на выклiк часу. Духоўны ўзровень сьвятароў хутчэй адпiхваў людзей ад веры, чым прыцягваў да яе. "У нас яшчэ чытаюць старасьвецкiя саборнiкi, чытаюць пралогi, але iх ужо не разумеюць нi той, хто чытае, нi той, хто слухае", - прызнаваўся адзiн з рэлiгiйных дзеячоў таго часу.

Дакуманты ў адзiн голас сьведчаць пра недастойнае жыцьцё духавенства: "Аще-лi кто вопрашает iх о кнiгах, то отвещают глаголющее: убозi есьмы, не имамы чым кнiг стяжатi. Ходят-же не яко убозi, но рiзы носяще светлы i блещащеся, расшiряюще воскрылья, шеi же яко у тельцов, на заколенiе упiтанных". Князь Канстанцiн Астроскi, сын знакамiтага ваяводы, з абурэньнем пiсаў да тураўскiх сьвятароў: "Вы не захоўваеце прыстойнасьцi згодна сана свайго ... ходзячы па корчмах, пiцьцё бязь меры ўжываеце". Не нашмат лепшай была сытуацыя i ў каталiцкай царкве. Шляхта паўсюдна наракала на немаральныя паводзiны сьвятароў i iх неадукаванасьць. Гучным стаўся выпадак, калi адзiн зь бiскупаў заблытаўся i ня змог назваць падставовыя праўды веры. Жыгiмонт Аўгуст, малады вялiкi князь лiтоўскi, пiсаў у 1547 г. да кракаўскага бiскупа: "Яшчэ вельмi сьвежыя ў гэтым нашым Вялiкiм Княстве павевы хрысьцiянскай веры. Бо тут, па-за Вiльняй, цёмны неадукаваны народ аддае чэсьць боскую (ня кажучы ўжо пра iншыя забабоны) гаям, дубам, лiпам, ручаям, валунам, вужам, i прыносяць iм ахвяры, як супольныя, так i прыватныя".