Читать «Залаты век Беларусi (на белорусском языке)» онлайн - страница 11

Станислав Акиньчиц

Нельга не заўважыць уплыву Рэфармацыi i на нацыянальнае разьвiцьцё народаў. Кожны раз прыняцьцё iдэяў Рэфармацыi суправаджалася нацыянальным уздымам, вяло да незалежнасьцi, як у выпадку Галяндыi цi Швэцыi, або падымала нацыянальную культуру, мову на дзяржаўны ўзровень, як гэта было ў Нямеччыне, Францыi, Англii. Адным з прынцыповых патрабаваньняў рэфарматараў заўсёды было патрабаваньне шырокага ўжываньня роднай мовы.

Можна з упэўненасьцю сказаць, што тое грамадзтва, у якiм мы сёньне жывем, тая культура, тая тэхнiка, якiя нас атачаюць, сталi тым, чым ёсьць, дзякуючы Рэфармацыi. Рэфармацыя распачала працэсы, якiя зьмянiлi сьвет, менавiта яна стала пачаткам пэрыяду, названага гiсторыкамi Новым Часам.

Уздоўж Вiльлi i Нёмана

Вялiкi рух Рэфармацыi, якi ахапiў у XVI стагодзьдзi Эўропу, не абмiнуў i Вялiкае Княства Лiтоўскае, беларускую дзяржаву, пачаткi якой губляюцца ў трывожным XIII стагодзьдзi. У 1242 годзе тумэны Бату-хана ператварыўшы ў пустыню Ўладзiмiра-Суздальскую Русь, прайшлi вогненым катком праз Кiеўшчыну, Валынь, Паўднёвую Польшчу i Вэнгрыю, пакiдаючы пасьля сябе папялiшчы гарадоў i зарастаючыя маладым лесам палi. У гэтай сытуацыi беларускiя княствы, якiх не закранула яшчэ татарская навала, пачалi аб'ядноўвацца. Цэнтрам новага дзяржаўнага ўтварэньня стала Лiтва, пушчанскi край ў ваколiцах Наваградка, дзе ўжо даўно жылi разам, то ваюючы, то сваячачыся, славяне i балты. Каля 1250 г. Мiндоўг, абраны наваградзкiм князем, пашырыў сваю ўладу аж да Менску. Здольны дыплямат i мудры ваявода, у 1253 г. ён быў каранаваны ў Наваградку папскiм легатам, i такiм чынам нэўтралiзаваў небясьпечнага ворага на паўночным захадзе - Тэўтонскi ордэн. Зьяўленьне магутнай улады ў Верхнiм Панямоньнi занепакоiла суседзяў, i празь некалькi гадоў да межаў Беларусi пацягнулiся незьлiчоныя татарскiя орды хана Бурундая. Перш чым iсьцi на Наваградак, Бурундай запатрабаваў пад пагрозай вайны Галiцка-Валынскаму княству зруйнаваць усе ўмацаваньнi вакол гарадоў, i князю Данiле Галiцкаму прыйшлося зрабiць гэты самагубчы крок, бо хто ж мог супрацьстаяць татарам. Але паход Бурундая на Лiтву (так у старажытнасьцi называлi беларускiя землi) не прынёс Ардзе перамогi. Спустошыўшы Случчыну i Наваградчыну, Бурундай ня змог падпарадкаваць беларускiя княствы i адыйшоў назад у прычарнаморскiя стэпы. З тых часоў засталiся ў народзе паданьнi пра бiтвы з татарамi пад Койданавым i Магiльным.

Пасьпяхова адбiўшы татараў, наваградзкае княства пачало падпарадкоўваць сабе балцкiя плямёны ўздоўж Вiльлi, i прэтэндаваць на Жамойць, змагаючыся пры гэтым з Тэўтонскiм ордэнам. Адначасова шляхам дамовы "Старыны ня рухаем, навiны ня ўзводзiм" да Наваградку далучылiся Полацак, Вiцебск, Тураў, Пiнск. Новая дзяржава, якая атрымала назву Вялiкае Княства Лiтоўскае, ад самага пачатку карысталася наваградзкiм гербам Пагоня - на чырвоным полi срэбны вершнiк з узьнятым мячом. На беларускiх землях "пагоняй" называлася склiканьне баярства на вайну, усеагульнае апалчэньне.