Читать «Пахвалі пражыты дзень» онлайн - страница 11

Васіль Ткачоў

Тут жа, на свяце, кааператары, бытавікі. Паспявай лавіць словы:

— Гарнітур гасцінпы!

— Кухонны! Кухонны!..

— Крэсельцы, калі ласка!

— Халадзільнікі, навасёлы, купляйце!

— Паглядзіце, столікі якія цудоўныя! Нашы, мясцовыя!

Людзі і рабілі пакупкі, не адыходзячы далёка. Грошы з сабой, тэхніка пададзена. Машыны толькі паспявалі рабіць рэйсы.

— Хлеб-соль табе, дом! — чулася то там, то тут.

А свята працягвалася. На сцэну выходзілі самадзейныя артысты з Урыцкага, Пакалюбіч, Цагельні. Потым была дыскатэка. Для маладых. Бацькі ж спяшаліся ў свае новыя кватэры — там шмат яшчэ было што зрабіць, а дзеці няхай адпачнуць. Такі дзень. Шчаслівы. Іх дзень, дзяцей, бо доўга стаяць на гэтай удзячнай зямлі дамам і жыць тут — ім!

6

Вёска Стрэнькі — цэнтральная сядзіба калгаса «Кастрычнік» — блізка ад Рагачова, у якіх трох кіламетрах да першых пабудак раённага цэнтра. Праз яе шэрай стужкай імчыць шаша — на Жлобін, Бабруйск... Аўтамашыны, калёспыя трактары, матацыклы супыну, здаецца, не маюць: снуюць узад-уперад. Не наводшыбе Стрэнькі, вёска гаманлівая, шумная. А новыя дамы, што прынялі ўвосень перасяленцаў з Хойніцкага і Брагінскага раёнаў,— побач, ледзьве не да самага асфальту падбяга- юць, і глядзяць-дзівяцца навакол сябе. Белыя, прывабныя, яны адцяснілі на задні план нават самыя прыгожыя хаты, што былі раней у стрэнькаўцаў. I, гледзячы на іх, падумалася вось аб чым: няўтульна, мабыць, навасельцам пакуль што тут, трэба час, каб прывыкнуць да шашы, да яе пульсу, які б'ецца ўдзень і ўначы. Жылі ж раней людзі на ціхім Палессі. Той жа Чамкоў узяць. Згубілася гэтая вёсачка ў глыбінцы, паабапал яе палі ды лес, а дарога звычайная, якая можа весці ў неперспектыўную, забытую вёску: увесну, калі гразна, толькі трактар і выручыць, прывязе людзям хлеб і да хлеба.

Я доўга размаўляў з навасёламі Стрэнек, бачыў слёзы на іх вачах і яшчэ раз зразумеў: хоць і добра тут ім, сустрэлі як сваіх, увагай і цеплынёй не абдзялілі, але нічога не можа замяніць чалавеку тое месца, дзе нарадзіўся, вырас, кахаў, дзе знаёма кожная сцяжынка, а на пагосце спяць блізкія людзі... I хвала чалавеку, на тым і трымаецца наша зямля, што такая вялікая любоў у яго да сваёй малой Радзімы. Жылі б яшчэ доўга такія вёскі, як Чамкоў, Уласы, а людзі і вераць у іх адраджэнне, няхай і не хуткае, але вераць, толькі вось бяда сагнала з наседжаных гнёздаў, прывяла на новы парог.

Цяжка і дрэўца перасаджанае прырастае. IIIто ж пра чалавека тады гаварыць? I ў снах стаяць хаты, бачацца рэчы, якія пакінуты ў іх. Тое, што нажывалася не адзін год, няпроста нажывалася, з мазаля. Недзе ходзяць па двары куры... качкі... скуголяць па сваіх гаспадарах сабакі, цяпер ужо бяздомныя. Іх таксама забаранілі ўзяць. «Нельга». Нельга, зразумела, што нельга, але ж па жывому баліць у жывых душа, усялякае думаецца...

Бяда — страшнае слова, тут у сям'і што здарыцца, то хопіць людзям, колькі здароўя адыме яна. А калі — маштаб, калі многім адразу баліць?..