Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 226

Васіль Ткачоў

– А картку – што, так і не знайшлі? Маю?..

– Не, пакуль не. Відаць, хтосьці згроб канверт з імі, з фотакарткамі, і пакуль не агледзіцца, што да чаго, не верне. Калі ж ходзяць тут усялякія!..

Піваварчык насцярожыўся:

– Прабачце, дык картка прапала не толькі ў мяне?

– Каб жа! Усе, усе прапалі. І ніхто, дарэчы, вершы не забіраў, акрамя вас.

– А ведаеце, што? – Піваварчык паклаў назад усё тыя ж тры лісткі.– Тады і я не буду. Што гэта я сапраўды?.. Калі б нават картка і згубілася ў аднаго мяне, то можна ж было новую прынесці. Неяк не падумаў. Бывае. Прабачце яшчэ раз.

– А думаць, шаноўны, трэба, – сказаў пляшывы дзяцюк і усім выглядам паказаў, што пара зачыняць кабінет. – Я, дарэчы, яшчэ вашы творы і не чытаў. Усё часу не выберу. Але веру, веру, што рэчы добрыя. Па вас жа відаць. Ну, да сустрэчы! – і ён моцна паціснуў Піваварчыку руку.

Ужо калі развіталіся, Сцяпан пашкадаваў, што не пацікавіўся, як зваць-велічаць укладальніка альманаха. Не ў яго стылі, але нічога цяпер ужо не паробіш: прамахнуўся.

Толькі цяпер ён і ўспомніў, што ў ягоным інтэрнацкім пакойчыку чакае яго Люсінда. Настрой не сказаць каб быў добры ад прадчування сустрэчы з ёй, але трэба ісці дадому, нічога не паробіш. Сапраўды, і чаму менавіта да яго яна прычапілася? Што, болей хлопцаў няма? А з іншага боку, дык трэба было б і нос яму задраць – ні каго-небудзь выбрала дзяўчына, а яго. Ганарыся, Піваварчык! А нешта не ганарыцца. Не ўваходзіла ў ягоныя планы сёння браць і бутэльку дарагога марачнага віна, а прыходзіцца. Купіў. Так, з віном парадак, а цукеркі ёсць дома.

Люсінда і сапраўды чакала яго, і калі ён утапіў кнопку званка, дзверы адразу ж распахнуліся.

– Можна? – чамусьці папытаў ён, перш чым пераступіць парожак.

– А што ты маеш на ўвазе? – зноў мляўка пацягнулася яна, агаліла лытку.

– Зайсці... гэта... да сябе хоць... можна?

– Калі ласка! – Люсінда зрабіла шырокі жэст рукой, усміхнулася.

Неўзабаве ён паставіў на часопісны столік два фужэры, паклаў, не знімаючы вечка, шыкоўны карабок цукерак “Палессе”, які да гэтага ляжаў на кніжнай шафцы, нетаропка адкаркаваў бутэльку, жэстам рукі запрасіў Люсінду да стала.

– Да гэтага віна самы раз будуць цукеркі з лікёрам, – сказаў і толькі цяпер падняў вечка.– Лепш закускі і не прыдумаеш!..

Люсінда засмяялася:

– А я думаю, чаму гэта я такая п’яная! Гэта ж ад цукерак! З лікёрам, кажаш?.. Х-ха-ха-ха-а-а!..

Піварчык аслупянеў – у карабку не было ніводнай цукеркі. З’ела? Проста так? Амаль усе цукеркі, якія ён браў толькі ў крайнім выпадку, у асноўным, як вось і сёння, да марачнага віна? Ён глядзеў на дзяўчыну, разявіўшы, сам таго не заўважаючы, рот, і не знаходзіў, што ёй сказаць. З’ела? Проста так? Як можна?!..

Люсінда, падалося, пра ўсё здагадалася, яна моўчкі ўзяла сумачку і накіравалася да дзвярэй.

– Ты куды, Люсінда?

– Я зараз... За цукеркамі...

– Дык ты што... значыць, яшчэ вернешся?

– Абавязкова!

І дзяўчына схавалася за дзвярыма. Калі яна вярнулася, Піваварчык спаў – у яго, згодна распарадку дня, у гэты час быў сонтрынаж. Люсінда не стала будзіць. Напоўніла фужэр да краёў, і залпам выпіла. Запаліла. Ад дыму Піваварчык пачаў перхаць, аднак не прачнуўся. Прачнуўся ён толькі тады, калі ў пакойчыку застаўся адзін.