Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 223

Васіль Ткачоў

– Можна, Сцяпан Паўлавіч, мне пажыць у цябе? А то ж ездзіць далёка, ведаеш жа, дзе жыву... Калі не ведаеш, магу сказаць...

– Я не супраць – жывіце. Для гасцей у мяне раскладушка прадугледжана. Вытрымлівае звыш ста кілаграмаў. Але ж муж што скажа?

– Ён не кінецца мяне.

– Як гэта?

– Проста. Сказаў, каб не прыходзіла. Вось я і не прыйду. Ну, чаму ты маўчыш, Сцяпан Паўлавіч? Разгубіўся, бачу?

Гаспадар утульнага пакойчыка не разгубіўся, ён паглядзеў, што ёсць у яго ў маленькім халадзільніку, потым прычыніў яго, спакойна сказаў:

– Два дні пратрымаемся. А там – аванс. Ну, атабарвайцеся, будзьце, як дома.

– Як дома – не хачу! – насупілася дзяўчына. – Дома мне кепска. Я прагну, я жадаю, каб мне было хораша тут, у цябе, а, Сцяпан Паўлавіч? Можна, не будзем выкаць? Мы ж не на працы? Давайце, а? А то мы выкаем і тыкаем неяк адразу – пераскокваем з аднаго на іншае. Між намі, як гэта не цяжка заўважыць, існуе нейкая адлегласць. А ў такім, хоць і надта ўтульным, але даволі ўсё ж цесным пакойчыку, ды яшчэ на “вы”? Нешта не тое... Згодны?

– Можна... будзем..., – прамумкаў Піваварчык, хоць сам не мог зразумець да канца, чаго хоча ад яго дзяўчына.

– Ура-а!

– Цішэй, у нас тут у суседзяў малыя дзеці. Магчыма, спяць...

– Я таксама мару пра дзіця, – дзяўчына млява пацягнулася, агаліла лытку – кароценькая спаднічка паднялася разам з рукамі.– Угу. Для таго і замуж выскачыла, а мой не хоча дзіця. Дурань таму што. Не глядзіць наперад, як вось ты... Дзяржава б нам грошай заплаціла больш, чым я атрымаю ў сваёй шарашцы за тыя тры гады, што была б у дэкрэце. Цяпер за першынца падкінуць добра грошыкаў, не кажучы ўжо пра другога. Але ж куды ж я разагнался, дурніца? Хоць бы аднаго... пакуль. Некалі ж трэба пачынаць. А ты, Сцяпан, пра дзіцё не марыш?

– Неяк не думалася...

– А я толькі гэтым і жыву...

– Тады... тады не па адрасу.

– Чаму ж?

– Хочаш, каб прызнаўся?

– І гэтага таксама хачу...

– У мяне яшчэ не было дзяўчыны. Ніколі.

– Хлусіш! Ну, хлусіш жа!

– Зусім не. Не бы-ло!..

– А калі ж прадбачыцца ў цябе дзяўчына?

– У дваццаць два я толькі пачну пра яе, дзяўчыну, думаць.

– Так позна?

– У мяне ўсё разлічана, усё па палічках раскладзена: дзе, што, калі, як..

– Цікава-цікава, аднак!..Першы раз сустракаю такога чалавека. Такога выкапня. Не верыш?

– Веру. Нас, такіх, мала. Але ёсць. Вось што... Я... мне трэба ў горад па справах. А ты распранайся, адпачні. Калі хочаш пакляваць чаго, знойдзеш у халадзільніку. Запомні: усё, што ў халадзільніку, можна браць. Толькі там. Нідзе болей. Ну, дык я пайду?

Дзяўчына памахала яму пальчыкамі, а потым какетліва паднесла тыя пальчыкі да сваіх вуснаў, цмокнула іх, а сама глядзела на Піваварчыка так, быццам ён зусім нікуды не збіраецца тэпаць, а пачне зараз жа распранацца, загіпнатызаваны яе прышчураным і заманлівым поглядам, шпурляць сваё адзенне падалей ад сябе, а потым працягне свае доўгія і кашчавыя рукі насустрач ёй, і тады яна, згарнуўшыся ў клубок, напяўшыся, бы струна, з небывалым імпэтам кінецца ў яго абдымкі, і ўсё на тым не скончыцца... На тым усё толькі пачнецца... Дзяўчына заплюшчыла вочы: ну, дзе ты там, любы! Бяры мяне! Хапай! Калі я прыйшла, то ведаю, навошта! Без мэты не хаджу! Бяры мяне! Рабі, што хочаш! Сцяпан, халера ты гэтакая!..