Читать «Так і жывём, брат» онлайн - страница 173

Васіль Ткачоў

Прагаласаваў і ўгадаў. А гэта – зноў жа! – не абы- якія балы да ранейшых.

– Ты б, Ягор, за свае прагнозы надвор’я на жыццёвым фронце плату браў, – параіў неяк яму сусед Цімка. – Глядзіш, і мне б перапала нешта. На грамульку. Га?

На такую прапанову Ягор толькі зморшчыўся:

– Сам не п’ю і табе не раю. Сіноптык павінен весці цвярозы лад жыцця, а то наблытаю... Чаго не набрэшаш, глытнуўшы? Шмат хто, глытнуўшы, становіцца сіноптыкам. А праспіцца – і пшык... Вось так.

Цімку, ці яшчэ каму, нічога не заставалася, як падціснуць хвост і маўчаць.

На тым тыдні не пашанцавала сіноптыку – прастудзіўся. І дзе б, здавалася, той вірус умудрыўся падхапіць? На роўным месцы, можна сказаць, паслізнуўся. Сонечна, цёпла на вуліцы. А бач ты, падкралася хвароба, падсцерагла.

– Гэта цябе Бог пакараў, што брэшаш багата,– навастрылася на старога жонка , Лізавета.

Ягор маўчаў, толькі ўціснуў – да канца, колькі змог, – галаву ў тулава – не любіў ён слухаць абразу ад жонкі пра сябе, а схавацца ад яе не схаваешся, дастане сваёй лухтой і на тым свеце, яна такая.

А Лізавета сыпала, не шкадуючы слоў:

– Хто цябе, асёл стары, прасіў прагназіраваць пра нашага старшыню? А яго і прагналі. Цяпер ён дзьмецца: гэта ўсё дзед твой сваім языком намянціў... Адрэзаць бы язык. Вырваць. Не, кажа, калі граматны такі, калі б ён ужо і праўду ведаў пра мяне, дык прыйшоў бы і сказаў. Недалёка жыву. Ці ў кабінет. Я б, можа, падрыхтаваўся, паводзіў сябе больш асцярожна... агледзеўся б па баках. А то як колам па спіне. Знянацку. Сярод белага дня. На людным месцы. Га?

– Дык што, я да яго ,старшыні, павінен быў перціся, ці што? – варухнуўся на табурэце Ягор. – Я? Мне трэба тое крэсла ці яму? За ўсімі не находзішся. Я і так стаптаўся. Іх такіх, хто сёння-заўтра паляціць з пасад і ў маштабе калгаса і ў маштабе дзяржавы, – ого колькі!

– Ты хоць дзяржаву не кратай, распуснік!

– У мяне што – «мерседэсы» тыя ёсць , каб за ўсімі імі шастаць, галаву задраўшы? Ці самалёт мне хто прэзентаваў? У мяне нават тэлефона няма. А быў бы...

– Дай яшчэ табе тэлефон! – аблізнула губы Лізавета. – Во табе!

Яна паказала Ягору тое, што, па яе думку, стары і заслужыў, – дулю.

Сярод дня Ягор, апрануўшы чыстую сарочку, патэпаў у бок фельчарска- акушэрскага пункта—рашыў паказацца Матузку: што, цікава, скажа той пра яго хваробу? Вучылі ж чалавека, то няхай і лечыць. Нечага. Мо прыпіша пілюлькі, а мо і сур’ёзнае што выявіць і накіруе тады далей —спярша ва ўчастковую, а там, магчыма, і ў раённую, абласную лячэбніцу.

Матузок быў у сваёй маленькай, але ўтульнай, чыста прыбранай ардынатарскай адзін. Сядзеў, насуплены, за сталом і крэмзаў нешта ручкай на паперы, раз-пораз папраўляў акуляры, якія не трымаюцца за вушамі і слізгаюць, бы палазы санак па лёдзе, па ягоным аблупленым ад загару носе.