Читать «Карасі на пяску» онлайн - страница 17

Васіль Ткачоў

– Ды не, налева не хадзіў, – адразу чамусьці пачаў апраўдвацца хворы.

Доктар усміхнуўся.

– Мяне гэта, дарэчы, не датычыць. Чым вы займаліся, што елі, пілі, дзе былі...

– Га-га, – з палёгкай уздыхнуў хворы, – адкажу, адкажу. Так, значыць. Пра ежу я сказаў, а піў квас, гарбату і тэлевізар глядзеў. І ўсё, здаецца? Ну, там на работу збегаю – справа вядомая: грошы ж трэба зарабляць.

– Дык, кажаце, як жонка паехала на курорт, адразу хвароба пачала прагрэсіраваць?

– Ісцінная праўда!

– А вы «Санту-Барбару», «Проста Марыю», «Дзікую ружу» глядзелі разам з жонкай?

– Не, гэта выключна яе фільмы. Я толькі футбол калі, навіны... І яшчэ там розныя іншыя перадачы паважаю, якія ідуць у перапынку паміж рэкламай.

– Што ж, дыягназ вядомы: у вас алергія на рэкламу. Гэтая хвароба не толькі да вас прыляпілася – яна распаўзаецца ў апошні час яшчэ хутчэй, чым вірус грыпу. Бачыце, як жонка паехала на курорт, вы пачалі больш сядзець перад тэлевізарам...

– Гэта так, гэта правільна, – згодна заківаў хворы.

– Адсюль і хвароба пачала прагрэсіраваць.

– Вось у чым справа, аказваецца! – павесялеў хворы. – А я ўжо чаго толькі не перадумаў! Во дзякуй вам, доктар, за дыягназ. Дык есці, кажаце, можна ўсё? І нюхаць?

– Усё рабіце, што і раней рабілі: ешце, нюхайце, кахайцеся, а вось ад прагляду тэлеперадач пакуль устрымайцеся. Цалкам. А потым паціху ўключайце, а як толькі на экране з’явіцца рэклама – уцякайце падалей ад яго! Запомніце: рэклама – вораг вашаму здароўю! Майце на ўвазе. Так што шпіталізаваць вас няма патрэбы.

– Яно ж і праўда, доктар, цярпець я не магу рэкламу, -- шчасліва ўсміхаўся хворы. – А яна, гадаўка, і давяла. Ледзьве не да магілы. Але нічога, я ад яе цяпер вылечуся хутка – учора, калі рэклама мо цэлыя паўгадзіны была, дык я не вытрымаў і гваздануў шклянкай па экране. Так што няма тэлевізара. Пакуль на новы цяпер збяру-у-у! Баюся толькі , што ў жонкі можа з’явіцца алергія, калі даведаецца, што сталася з тэлевізарам. На мяне. Ну, дык я пайду? Лячыцца!

Доктар паціснуў бедалазе руку і пажадаў хутчэйшай папраўкі.

ЗАБАСТОЎКА

Хмыкін, прытупаўшы познім вечарам дахаты, плюхнуўся ў крэсла, выцер насоўкай твар і мовіў урачыста-стомленым голасам да жонкі, якая выглянула з кухні з перакінутым цераз плячо ручніком:

– Бастуем, Маша!

– Ды ведаю, ведаю, – без асаблівай радасці чамусьці зрэагавала жонка, што крыху насцярожыла Хмыкіна. – Сёння, даражэнькі, будзеш усухамятку есці – пакуль пехам датэпала з работы, дык гатаваць няма ні сіл, ні часу. І заўтра, кажаш, вашы тралейбуснікі не выедуць на маршруты?

– І заўтра, і заўтра, Маша! Баставаць дык баставаць! «Наш паравоз вперёд летит...» Уяўляеш, калі даб’емся свайго – больш за нейкіх там міністраў атрымліваць будзем, га?! Гульня вартая свечак.

– І ты зноў, канешне, у сваёй дыспетчарскай увесь дзень кіснуць будзеш? – падазрона глянула на Хмыкіна жонка. – І на дачы – усё прападае. Так?

– Памідоры, кабачкі – потым, Маша. Гэта на закусь. А пакуль на першым плане – справы дзяржаўнай важнасці, можна сказаць. Бастуем! А штаб павінен працаваць. Я абраны ў штаб забастоўкі.