Читать «Карасі на пяску» онлайн - страница 18

Васіль Ткачоў

– Сядзі ў штабе, клопат такі! Але заўтра трэба мне на гадзіну раней устаць, каб на работу не спазніцца. Так што сняданкам цябе накарміць не магу. Варыце самі ў сваім штабе крупнік.

– Дык як-небудзь... – пазяхнуў Хмыкін. – Пераб’ёмся. Ахвяруем, так сказаць, сняданкам дзеля будучага...

Раптам патухла святло.

– Што яшчэ за жартачкі? – незадаволена хмыкнуў Хмыкін.

Святла не было мо з паўгадзіны – і не толькі ў Хмыкіных, -- не свяціліся вокны ва ўсіх дамах мікрараёна. І Хмыкін не вытрымаў, запаліў свечку, паднёс да тэлефона, каб пазваніць дзяжурным электрыкам і падсыпаць перцу, але апарат маўчаў.

– Ды каб вам тлумна зрабілася! – вылаяўся Хмыкін і патупаў да суседа Цёмкіна.

Цёмкін адчыніў на стук дзверы, паднёс запалку да твару Хмыкіна, буркнуў:

– А, гэта ты, забастоўшчык!

– Я. Пазваніць дай. Футбол пачынаецца, а яны там нешта доўга чухаюцца, электрыкі.

– Не працуе тэлефон. Усе, відаць, бастуюць. Як і ты. Заўтра і радыё слухаць не будзм. Зяць мой сказаў. Таксама збіраюцца баставаць. А няго ж! Два дыпломы мае, мазгі паўжыцця сушыў, не тое што ты, невук, а зарабляе ўсяго восемсот тысяч рублёў, хоць і галоўным рэдактарам працуе. Парадачкі, га-а! Каму і баставаць, дык такім неталентам, як мой зяць. Усё ў цябе?

– Ага, – ацаніўшы сітуацыю, Хмыкін задумліва пашкроб за вухам. – Спаць пайду, раз такое дзела.

Назаўтра Хмыкін таксама вярнуўся позна. Жонка была ў ложку.

– Пасунься, – загадаў ён.

– Сёння нельга, – колкім голасам адказала жонка. – Наша «Ліга жанчын» таксама аб’явіла забастоўку. Хопіць пехам хадзіць і без «Трапіканкі» сядзець.

– Дык каб вам!.. – вылаяўся Хмыкін і пацёгся да лежака ў зале.

КАМПРАМІС

Рабочы Хапун украў на заводзе нейкую рэч. У апошні час ён нярэдка так робіць – валачэ ўсё, што прывабіць вока, і, па яго меркаваннях, цягне на добрую капейчыну. Потым у суботу і нядзелю сядзіць на аўтарынку – гандлюе. Аднойчы нешта нават прадаў самому начальніку цэха. Той зрабіў выгляд, што не пазнаў Хапуна.

Як і заўсёды, Хапун данёс тую рэч да паркана, перакінуў на другі бок, яна гэхнула так, быццам упаў з неба метэарыт, а тады пералез і сам.

– Вось і папаўся! – шчасліва глядзеў на Хапуна міліцыянер і ўсміхаўся, яго ж напарнік трымаў рукі напярэймы – каб не даў лататы злодзей. – Што ж, пайшлі ў аддзел. Бяры сваю рэч і тупай за намі.

– Цяпер нясіце вы, – спакойна сказаў Хапун. – Я сваё пранёс.

Міліцыянеры пераглянуліся, і малодшы сяржант кіўнуў радавому:

– Нясі, Мамонька.

Мамонька абхапіў тую рэч рукамі, нібы абцугі цвік, але і з месца не скрануў. Бездапаможна глянуў на малодшага сяржанта. Той зразумеў яго з паўслова: яны абхапілі рэч удваіх, але таксама не маглі падняць.

– Дык што, не панясеш? – зноў паглядзеў на Хапуна сяржант.

– Не панясу. Я сваё пранёс. Вам трэба – нясіце.

Міліцыянеры пераглянуліся.

– Добра, – сказаў малодшы сяржант, – давай пойдзем на кампраміс. Ты нясі сваю рэч, куды і нёс, а мы пойдзем, куды ішлі. Згодны?

– А як жа! – усміхнуўся Хапун, падхапіў адной рукой тую рэч і пакандыбаў дадому.