Читать «Карасі на пяску» онлайн - страница 15

Васіль Ткачоў

– Ах, так! Ты, значыць, за яго! – зусім, здаецца, выходзіла з сябе жонка. – Гляньце толькі, людзі, каго я ў доме трымаю! Чужога чалавека! Іншароднае цела! Не, вы толькі паглядзіце, паглядзіце!..

– Паехала, – скрывіўся Рыгор Паўлавіч і адгарадзіўся ад жонкі газетай, але Маргарыта Сямёнаўна так ірванула яе, што муж ад нечаканасці выпусціў акуляры, якія трымаў разам з газетай у руцэ, і шкельцы слязінкамі рассыпаліся па падлозе...

– Што, непрыемна слухаць? Але ты слухай, слухай, дарагі, можа, хоць нейкая карысць будзе. Кропля вады і тая камень точыць. Пытаюся: калі пакладзеш ты канец гэтай дружбе? Ты мужчына ці баба ў штанах? У цябе сумленне, гонар у рэшце рэшт ёсць?

– Ёсць, ёсць і сумленне, і гонар, – працягваў адбівацца Рыгор Паўлавіч.

– Ёсць, кажаш? Нешта я не бачу. Учора, значыць, сустракаю таго Якаўлева. На вуліцы , дзе ж яшчэ! Цёмна ўжо, усе нармальныя людзі «Марыю» глядзяць, гарбату п’юць ля экрана, а ён, як бяздомны, брындае. Напарніка шукае – такога ж, як сам...

– Ну-ну... і што далей?

– Вось і ну, вось і ну... Толькі пра сябе думаеш. Каб жывот натрамбаваць,на канапе паляжаць... Паразіт!

– Заладзіла: Якаўлеў, Якаўлеў... – паморшчыўся Рыгор Паўлавіч. – Не чапай ты яго, хай жыве спакойна. Ну, прыклаў аднойчы руку... не стрымаўся. Мужык жа. З кім не бывае? Ды і не цябе ж ён у рэшце рэшт крануў...

– Хм, яшчэ не хапала, каб мяне! – Маргарыта Сямёнаўна прыняла ваяўнічы выгляд і, здавалася, была гатова хоць зараз даць адпор любому супастату. – Я яму, іраду, ураз галаву адкруціла б! Ты паглядзі на яго толькі, га! Усё толькі і робіць, каб людзям нашкодзіць, нервы папсаваць. Адна ў яго думка, адна...

На кухні нешта засквірчэла, забулькала, і ўжо адтуль даносіўся энергічны, звонкі, поўны злосці і лютасці голас Маргарыты Сямёнаўны:

– Я гэта так не пакіну! Калі муж цюхця цюхцяй, то сама пастаю за гонар сям’і! Сама! Я пакажу гэтаму Якаўлеву, дзе ракі зімуюць! Папомніць! Што ж рабіць застаецца, калі мужчыны ў доме няма?

... Ранічкай наступнага дня Маргарыта Сямёнаўна прывяла чатырохгадовага сынулю Юрачку ў дзіцячы садзік і запатрабавала: «Падайце мне сюды Якаўлева!»

ПЕВЕНЬ

Прыгарадны дызель-поезд мерна адстукваў коламі, спыняўся амаль што праз кожныя пяць хвілін – высаджваў і падбіраў людзей, а потым, злёгку паднацяўшыся, набіраў хуткасць. Пасажыраў у кожным вагоне было – што селядцоў у бочцы: не кожнаму падфарціла зручна стаяць.

Звычайны ў такім выпадку малюнак: адны кімараць, другія ўперылі вочы ў дэтэктыў ці ў газету, трэція ж, каму пашчасціла на месца, паныла кідаюць позіркі на краявіды за акном. І раптам: «Ку-ка-рэ-ку-у!» Вагон грымнуў ад смеху. Певень унёс такое ажыўленне, што і пераказаць цяжка. Потым «ку-ка-рэ-ку-у!» паўтарылася. Смех быў ужо не такі дружны, як хвіліну ці дзве раней, але ўсё ж быў... Быццам артыст, адказваючы на апладысменты ўдзячных гледачоў, певень працягваў пацяшаць людзей, пакуль тыя не насыціліся яго спевамі. А пазней і певень замоўк, і людзі прыціхлі. Зноў – дэтэктывы, газеты, абыякавыя позіркі за акно, на суседа. Дык вось жа цікава: ну, а каб певень загарлапаніў недзе на вясковай вуліцы? Спявай сабе, ніхто і брывом не павядзе. На гарадской жа – цікава, адкуль ён тут? У вагоне – таксама цікава. Усяму, кажуць, сваё месца. Так і з гэтым пеўнем атрымалася.