Читать «Карасі на пяску» онлайн - страница 14

Васіль Ткачоў

– Пасля таго, як вы прапусцілі дзве цыгаркі, вам рупіць вывудзіць з пачкі трэцюю. Так?

Тут Савоська ўбачыў сваю кабету. Тая прадзіралася паміж мужыкоў, расштурхоўваючы іх, бы снапы, і працягнула ў бок Савоські гаспадарчую сумку.

– Хопіць анекдоты расказваць! Імі сыты не будзеш! Трымай сумку і бяжы ў гастраном – па харч. Ды глядзі ж мне: калі зноў залямзіш сабе на курава – іх, цыгарэты свае, і есці будзеш. Як на тым тыдні. Помніш? Ці, можа, забыўся? Пры такой дарагавізне на ўсё ён яшчэ і курыць уздумаў! Глядзі мне: кішэні выверну, так што не рызыкуй!

Савоська стаяў, бы ў халодную ваду апушчаны. Мужыкі спярша знерухомелі, а калі да іх дайшло,– грымнуў рогат.

Аказваецца, курыць і сапраўды вельмі проста кінуць – трэба мець толькі такую жонку, як у Савоські.

ЯГОРКА АБ’ЯГОРЫЎ

Прыязджаю ў родную вёску. На лаўцы перад вокнамі сваёй хаты сядзіць цётка Дуня. Павіталіся. Хацеў было ісці далей, але яна, схамянуўшыся, сказала:

– Пачакай, Васіль. Гэта ж я памру скора, то і расказаць не паспею табе пра свайго Ягорку. Помніш яго, халеру? Гэта трэці мой мужык быў... Тыя першыя чарку любілі, а Ягорка – яшчэ больш. Але ж і галаву разумную меў, не галавешку, хоць і п’яніца.

Аднаго разу мяне так аб’ягорыў, што і людзям саромелася расказаць. Табе раскажу. А то на той свет панясу. Гэта ж самагон схаваю – знойдзе! Увесь агарод пераштыкуе-пералапаціць, сена ператрусіць... І наліжацца. А тут шукае, шукае, а знайсці не можа. Тады што робіць, паразіт? Налівае ў трохлітровы слоік вады – якраз столькі, колькі і самагонкі ў ім запрыкмеціў. На стол паставіў. Хлеба адрэзаў. Сала кусель ладны паклаў. Агурок. І ў акно глядзіць, калі з крамы я вяртацца буду. Пераступаю парог, а ён ляжыць на ложку і храпе, як п’яны. Глянула я на стол – і абамлела, рукамі адно ўспляснула: «А божа! Каб жа цябе, паразіт, мухі пакусалі! Каб жа ты спрах! У карчы схавала – і там знайшоў! Цьфу!» Хуценька за слоік са стала, і перахавала «самагон». Не, каб паспытаць, што ў ім было, і на агародзе корпаюся спакойна сабе. А ён карчы параскідаў, яны ж перад самым парогам ляжалі, знайшоў самагон і амаль увесь выжлукціў. Ну, і не абармот жа Ягорка, зямелька яму пухам, чорту...

Во, хоць прычына была сёння памянуць яго...

ПАДАЙЦЕ МНЕ ЯКАЎЛЕВА!

Маргарыта Сямёнаўна корпалася на кухні ля пліты, а Рыгор Паўлавіч, яе муж, праглядваў у зале на канапе свежыя газеты. Ён нешта мумкаў сабе пад нос, а калі да яго далятала аўтаматнай чаргой новая жменя колкіх і гарачых, бы вугельчыкі, жончыных слоў, адкідваў галаву, глыбока і гаротка ўздыхаў, злёгку стагнаў і прыкладваў да лба насоўку.

– І колькі будзе гэтая дружба працягвацца? – на гэты раз Маргарыта Сямёнаўна вынырнула з кухні, вытарачыла вочы на мужа. – Адкажы мне! Што дае табе гэтая нікому не патрэбная дружба? Ніяк зразумець не магу. Адны непрыемнасці – і толькі...

– Хопіць табе, – стараўся супакоіць жонку Рыгор Паўлавіч. – Чалавек як чалавек Якаўлеў, тым жа паветрам дыхае, што і мы.