Читать «Бронзавы век нa тэpытopыі Беларусі» онлайн - страница 5

Міхась Чарняўскі

Бронза — сплаў медзі з волавам. Калі волава не было, яго замянялі мыш'яком, цынкам, сурмой, свінцом. Найлепшая прапорцыя для яго была 9:1. Бронзавыя прылады мацнейшыя за медныя, лёзы атрымліваліся вастрэйшымі, да таго ж бронзу можна было плавіць пры тэмпературы 700-900 °С, гэта значыць практычна на любым вогнішчы.

Можна толькі здагадвацца, якім шляхам была адкрыта бронза. Магчыма, старажытны чалавек выпадкова натрапіў на медную руду з дамешкамі волава. Маглі быць i нейкія іншыя шляхі гэтага адкрыцця.

Адліўка металічных рэчаў рабілася рознымі спосабамі. Чалавек даўно заўважыў, што расплаўлены метал запаўняе паглыбленні ў агнішчы або на дне плавільнай печы і, астываючы, захоўвае форму гэтых паглыбленняў. Таму, відаць, першыя формы рабіліся ў пяску або гліне пераважна для тонкіх i плоскіх вырабаў — нажоў, плоскіх сякераў. Затым пачалі расплаўленую ў спецыяльных гліняных лыжках — тыглях — бронзу ўліваць у цвёрдыя пераносныя формы. Часта формы рабілі з каменя, пры гэтым для аб'ёмных вырабаў — з дзвюх i больш частак, якія затым моцна звязваліся, а метал улівалі праз адтуліну. Праз супрацьлеглую адтуліну выходзілі паветра i газ. Найбольш дасканалыя вырабы i вырабы з багатым арнаментам вылівалі з дапамогай так званай знікаючай васковай мадэлі. Для гэтага ў каменнай форме спачатку адлівалася васковая мадэль рэчы. Потым яна абмазвалася глінай i абпальвалася, у выніку чаго форма рабілася моцная, а воск плавіўся i выцякаў. У пустэчу ўнутры глінянага камяка заліваўся метал, а пасля яго астывання форма разбівалася i даставалася гатовая рэч — упрыгожанне або прылады працы ці зброя. Заставалася толькi ліквідаваць некаторыя магчымыя дэфекты — пухірковыя паглыбленні або выступы, запаліраваць паверхні дробным пяском, зубілам або разцом нанесці дадатковы арнамент.

МЕДНЫЯ I БРОНЗАВЫЯ ВЫРАБЫ

Большасць тэрыторыі Беларусі была надзвычай багатая высакаякасным крэменем, прыдатным для вырабу дасканалых прыладаў працы i зброі. Яны ў некаторым сэнсе не ўступалі прывазным бронзавым i асабліва медным рэчам. Таму, мусіць, у пачатку бронзавага веку метал пераважна ішоў на выраб упрыгожанняў — бранзалетаў, дыядэм, грыўняў, пярсцёнкаў, шпілек, розных караляў. У гэтай справе, дзякуючы сваёй гнуткасці i цудоўнаму металічнаму бляску, i медзь i бронза сталі для старажытных «моднікаў» i «модніц» незаменнымі. Адзначым, што i ў наступныя эпохі, калі ўжо было вынайдзена жалеза, медныя i бронзавыя ўпрыгожанні былі распаўсюджаны надзвычай шырока. Адсюль лёгка зразумець i паходжанне слова «бранзалет».

Старажытны чалавек хутка здагадаўся, што бронза добра надаецца для вырабу прыладаў працы i зброі, бо з яе шляхам кавання i вастрэння можна было атрымліваць надзвычай вострыя лёзы.

Першыя металічныя прылады былі плоскія, яны прыйшлі на змену прыладам з каменным узорам. Спачатку вырабляліся розныя шылы, плоскія сякеры i долаты, нажы, рыбацкія кручкі. Затым з'явіліся плоскія сякеры з закраінамі на два бакі — пальштабы. Больш дасканалы тып сякераў — кельт з адтулінай для дзяржальна, перпендыкулярнай лязу, i невялікім вушкам, да якога прывязвалася дзяржальна. Былі вядомы i розныя тыпы сякераў з бакавымі адтулінамі для дзяржальнаў, паралельнымі лязу.