Читать «Паміж зоркай і свечкай» онлайн - страница 24

Генадзь Бураўкін

* * *

Свеча горела на столе,

Свеча горела...

Барыс Пастэрнак

На ўсёй зямлі спыніўся час. I ў гэтым часе Ты засталася ля пляча, Ты засталася. I месяц Стомленым ваўком Схаваўся нанач. Шумела Нарач за акном, Шумела Нарач. Каб зоркі бліскалі ў акне, Мы не хацелі. Трымцелі цені на сцяне, Трымцелі цені. Нам сну не даў вясновы час — Вясёлы скнара. I вечнасць цэлую для нас Шумела Нарач... * * * Я сябе старым не адчуваю, Хоць прайшлі юначыя гады. Прылятаюць з маладога маю Салаўі ў асеннія сады. Разарву тугую павуцінку I, цяпло даверыўшы плашчу, З-пад крыса азяблую дзяўчынку Я ў халодны свет не адпушчу. Цепліцца яшчэ вясна былая — Тонкая і кволая свяча. Хай яна спакойна дагарае Ля майго пахілага пляча. Ну а што на скронях стыне іней — Гэта хітры восеньскі падман. Проста пазаблытваўся ў чупрыне Дым кастроў і ранішні туман. * * * Помніш, Ты даверыла Мне ключы, Адчыніла дзверы Уначы, Не дала і трохі Ачуняць, Бо цябе палохала Цішыня, Што шапоча голлем Ля акна, Ходзіць завуголлем Да відна? Дыктавала правілы Ты сама. I мяне адправіла. А — дарма. Ад варот не вернуты, Я замоўк. Зачыніла дзверы ты На замок. I заснула ў радасці I ані Не баішся Ранішняй Цішыні. * * * Не трашчы так настырна, сарока, Побач з даўнім, былым, дарагім, Тут каханне прайшло недалёка. Не са мною прайшло, а з другім. Я і сёння іх постаці бачу — Хто іх ведае: Дзве ці адна. Я і сёння не веру ва ўдачу, Хоць чакаю яе да відна. А яны насцярожаным крокам Прамільгнуць міма нас па начы. Памаўчы побач з імі, сарока. Памаўчы, як і я. Памаўчы. * * * У засяроджанай цішы Неспадзявана Сярод ночы Скацілася з тваё'й душы Сляза адчайнасці жаночай. Паплач, любімая, паплач. Хай роспачы тваёй паможа Сваёю музыкай скрыпач, Што за сцяной не спіць. О Божа!.. Хай буду ведаць толькі я, Як плакалі ў дрымоце зыбкай Душа самотная твая І растрывожаная скрыпка... * * * Мае аднагодкі-сяброўкі. Мой першы наіўны спалох. Ускінуты здзіўлена броўкі. На вуснах — рамонкаў пылок. Дзяўчаткі майго юнацтва, Зялёнай, бяссонай пары... Змаглі вы такімі ж застацца. А я — Беззваротна стары. З касынкай Ці ў модным берэце Вы зноў прыбягаеце ў сне... Я ўсіх вас прашу: Не старэйце I не праганяйце мяне. Як майская песня да птушак, Я з выраю часу Гатоў Вярнуцца да вашых вяснушак, Да сцежак дзіцячых гадоў. Я помню I воблакі тыя, I здані ўначы ля куп'я... Якія вы ўсе маладыя, Адзін толькі ведаю я... * * * З усмешкай сумнай Па вясне Праводжу позіркам дзяўчатак, Што, Як касуль пудлівых статак, Бягуць імкліва паўз мяне. Майму пахіламу плячу Плячо дзяўчына не падставіць. Я страціў даўнія падставы Аклікнуць тых, Каго хачу. Цяпер я, Нібы папскі нунцый Ці нават сам суровы Бог, Адно, што маю, — Азірнуцца I ціха адысціся ўбок. Ну што — Дажыўся, галубок?.. * * * Адвярніся хаця б на хвілінку адну — I сум з вачэй маіх пацячэ. I я патану, Патану. Патану У ямачцы на тваёй шчацэ. Твой смех на мяне абрынуў вясну, Нібы крыгалом на бурлівай рацэ, — I я навек патану, Патану У ямачцы на тваёй шчацэ. Яшчэ не разбуджаную струну У сэрцы тваім закрануць я хацеў... Ды што тут хітрыць? Я даўно патануў У ямачцы на тваёй шчацэ. * * * Ты выйшла да мяне. Той ноччу зорнай Я верыў: Шчасце нас не праміне I ласка будзе доўгай, непаўторнай... Ты ж думала зусім не пра мяне. Ты цалавала вуснамі сухімі, Няўцямна паўтарала, Як у сне, Каля майго пляча Чужое імя. Адкуль было ўсё гэта ведаць мне? Са мной дзяліла ты адчай і стому, Са мной хавала смутак у віне. А паклялася ў вернасці другому... Чаму так доўга ты маніла мне? I вось астаўся я, Табой пракляты, Адзін з халодным ценем на сцяне. I я ва ўсім, Па-твойму, Вінаваты? I гэта — Праўда, Слушная ўпаўне. * * * Дзе лагчына, Дзе ляшчына, За пагоркамі Ты нуду маю лячыла Прыгаворкамі: "За пясчаным касагорам, Дзе крутыя берагі, Давай, мілы, пагаворым Мы з табою на мігі. Я сама табе пазычу Маладых вясновых чар. Я сама цябе паклічу У ядлоўцавы гушчар. Пад сасною залачонай Скіну страху паранджу, Да сябе касою чорнай Назаўсёды прывяжу. Звонкім сокатам сарочым Смех твой хітры заглушу. Не скалечу, Не сурочу, Не ўкраду Тваю душу. Спакушальніца былая, Да ласункаў прывучу, Як лясунка, Залюляю, Зашапчу, Заказычу. Хай прарвецца праз ігліцу Мліва нуднага дажджу. Будзеш ты ка мне прасіцца, Ну а я дык пагляджу..." ... I твайго вядзьмарства сіла Сапраўды мяне тады Палячыла, Прыручыла, Прысушыла Назаўжды. * * * Усім Перад апошнім паваротам Закрэсліць мудрасць Крыўды і ныццё: Ніхто з людзей не будзе бессмяротны, Ніколі не памрэ Само жыццё. Затопчуцца сцяжынкі і разоры. Вясёлая чаромха адцвіце. Ды застануцца Сосны і азёры I валуны на зубравай вярсце. I пракрычу табе ажно з-пад сонца я Ці прашапчу аднойчы з-пад зямлі: — Не сумнявайся, Што жыццё — Бясконцае. Я рад, Што мы ў ім разам пабылі. * * * Хоць не закончаны раман, Ды мне фінал вядомы, — Што без цябе Мяне няма Ні ў прымаках, Ні дома. Ці ў свеце лета, Ці зіма, Ці маразы, Ці спёка, — А без цябе Мяне няма Ні блізка, Ні далёка. Ты добра ведаеш сама, Хоць і не кажаш гэта: I без мяне Цябе няма... Такі вось паварот сюжэта. * * * Я думаў: Без кахання пражыву. Я верыў: Без цябе не засумую. Пайду да рэчкі, Лягу на траву, Знайду дарогу да нябёс прамую. Жыць буду сярод кветак і стракоз У сінім свеце, Чыстым і прывольным. I шчасце мне падорыць мудры лёс. I буду я расхрыстаным і вольным... Я быў саманадзейны і сляпы, Падсміхваўся над чарамі тваімі. А мне I тэлеграфныя слупы Гудуць тваім, Праклятым мною. Імем. Твой погляд запаўняе сіняву, Твой голас напаўняе наваколле... Не, без кахання я не пражыву. Не пражыву я без цябе ніколі...