Читать «Янка Купала і Слонімшчына» онлайн - страница 9
Сяргей Чыгрын
У 1986 годзе рэжысёр Мікалай Варвашэвіч зноў вяртаецца да купалаўскай камедыі. Шэсць першых прадстаўленняў “Паўлінкі” адбыліся ў Слоніме, а сёмае – на сцэне вучэбнага тэатра Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў) перад студэнтамі і выкладчыкамі ВНУ Мінска і жыхарамі сталіцы. Тыднёвік “Літаратура і мастацтва” 6 чэрвеня 1986 года паведамляў: “Добры акцёрскі ансамбль, рэалістычная сцэнаграфія (афармляў спектакль рэжысёр-пастаноўшчык), музычная партытура спектакля яшчэ раз засведчылі высокі творчы ўзровень вядомага ў рэспубліцы народнага тэатра”.
Дык што новага ў параўнанні з 1968 годам унёс у “Паўлінку” рэжысёр Мікалай Варвашэвіч? Тут адразу можна зазначыць, што калектывам і рэжысёрам, безумоўна, быў знойдзены свой паварот агульнага рашэння камедыі. Асабліва тады адметна вылучыўся дынамічнасцю дзеі другі акт, што выразна адцяніла адну з выдатнейшых рысаў камедыі – займальнасць інтрыгі.
З самага пачатку спектакля рэжысёр умела ўвёў гледачоў у абставіны часу дзеяння. Калі гледачы глядзелі на афармленне спектакля, іх уражвала не проста праўда ўвасобленага на сцэнічнай пляцоўцы жыцця, а вобразная праўда, праўда, моцная сваёй абагуленай выразнасцю. Дастаткова было аднаго позірку на рэалістычна ўмоўны пакой вясковай хаты, дзе адбывалася ўсё сцэнічнае дзеянне, каб скласці сабе ўяўленне аб героях, аб іх нацыянальнай і сацыяльнай заглыбленасці.
Другі, удала знойдзены, кірунак у афармленні спектакля можна было назваць метафарычным. Мастак знайшоў тады сваеасаблівае, адзінае на ўвесь спектакль відарыснае рашэнне, якое выражала сутнасць рэжысёрскай задумы камедыі ў яе ідэйным плане. Гэтай удалай, па-наватарску ўбачанай і ўведзенай метафарычнай дэталлю быў куфар. З аднаго боку ён, нібы з’яўляўся аздабленнем пакоя, з другога... Не больш як крэсла ён быў для Якіма, вясковых музыкаў, але як любоўна агледжваў яго сам гаспадар, Сцяпан Крыніцкі, -- гэта быў сімвал яго дабрабыту і заможнасці. Як прыцягваў ён пільную ўвагу Быкоўскага, сімвалізуючы выгодны і багаты пасаг нявесты.
Цікава былі выбраны і пастаўлены рэжысёрам мізансцэны, што немалаважна, бо менавіта праз іх выражалася душа, сутнасць асобных эпізодаў, бачны былі вобраз унутранага стану герояў. Асабліва вылучалася адна – яна ўзвышалася да мастацкага выяўлення ідэі спектакля: выразнай класавай пазіцыі, скіраванасці супраць пагардлівых адносінаў да простага чалавека, да ўсяго народнага. Хочацца прыгадаць яе.
Ішла каларытная бытавая сцэна гасціны. Дзяўчаты спявалі народныя беларускія песні, а пан Адольф Быкоўскі сядзеў наводшыбе, спіною да гасцей, усім сваім выглядам падкрэсліваючы пагарду да ўсяго “мужыцкага”. Адзін штрых, але ён быў удалы. Менавіта праз такія штрыхі выстройвалася тады рэжысёрам Мікалаем Варвашэвічам “Паўлінка”. Выстройвалася яшчэ і дзякуючы, безумоўна, майстэрскаму выкананню ролі Быкоўскага Віктарам Касікоўскім. Галоўнае для акцёра было – гэта ўменне пранікнуць ва ўнутраны свет ствараемага вобразу, раскрыць яго сутнасць і індывідуальныя асаблівасці – усё гэта ўдалося выканаўцу. Асабліва камічнымі выглядалі любоўныя заляцанні, дзе Быкоўскі імкнуўся паказаць сябе вельмі далікатным і галантным кавалерам, ганарыстасць і фанабэрыя, якія гратэскна падкрэсліваў артыст Касікоўскі ў сваім герою.