Читать «Янка Купала і Слонімшчына» онлайн

Сяргей Чыгрын

Сяргей Чыгрын

ЯНКА КУПАЛА І СЛОНІМШЧЫНА

Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, Янка Купала і Слонімшчына. — Слонім: Цэнтральная бібліятэка імя Якуба Коласа, 1993.

Ля вытокаў

Вёску Вялікая Кракотка, што на Слонімшчыне, Уладзімір Караткевіч назваў самай прыгожай вёскай у свеце. А Янка Саламевіч, які адсюль родам, неяк сказаў мне, што Кракотку найпрыгажэйшаю вёскай Караткевіч назваў з-за яе шыкоўнай прыроды. Але вёска не толькі прыгожая, але і знакамітая. Знакамітая Вялікая Кракотка найперш тым, што тут яшчэ ў 1927 годзе пры гуртку Таварыства беларускай школы (ТБШ) вясковая моладзь заснавала бібліятэку-чытальню, якую назвалі імем народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры рэспублікі, якой было нададзена імя песняра беларускага народа. У 1949 годзе Валянцін Таўлай у сваім артыкуле “Творчасць Янкі Купалы ў барацьбе за ўз’яднанне беларускага народа” (“Полымя”, № 10, 1949) пісаў: “Імем Янкі Купалы называліся беларускія культурнаасветныя ўстановы — бібліятэкі і чытальні. Нам дакументальна вядома, што ў вёсцы Вялікая Кракотка Слонімскага раёна, сяляне, якія арганізаваліся ў гурток ТБШ (Таварыства беларускай школы), у 1927 годзе заснавалі шляхам ахвяраванняў кніжак і грошай на закуп літаратуры вясковую бібліятэку-чытальню і прысвоілі ёй імя нашага слаўнага песняра Янкі Купалы. Аб гэтым сведчыць допіс з гэтай вёскі, змешчаны ў газеце “Наша праўда” № 11 ад 11 мая 1927 года…”.

Кожны раз, калі еду ў гэту вёску, на думку прыходзіць верш Міколы Арочкі, прысвечанага Вялікакракоцкай сельскай бібліятэцы імя Янкі Купалы:

Мой цэлы свет: Вялікая Кракотка, Часоў бурлівых родны мацярык. Была Кракотка, як рака ў паводку. Была Кракотка — гнеў, і боль, і крык. Кракотка — гэта хвойны пах узлесся, Гняздо за пазухай зялёных гор. З таго гнязда заклекатала песня, Што клікала з нізіны: “Гэй, да зор!..”. Рашаўся лёс… Прадвесне гнала крыгі. І вось тады з-пад стрэх мацерыка Дрыготка пацягнулася да кнігі Мазольная сялянская рука. Святая прага ведаў і пазнання! У родным слове чалавек ажыў! Было тут вашай еднасцю змаганне. А духам мужнасці Купала быў. Хто знае, колькі іх адсюль, упартых, Узняў да барацьбы змагарны край? Недарам верш, якім пілуюць краты, З зямлі вось гэтай здабываў Таўлай. Нязломны дух... Жывая сіла мовы. Жыву з тых дзён я вашаю красой. Жыткевічы... Збраевіч... Трафімовіч... Ля вас я грэўся словам і душой! Я ўдзячны вашай дабраце і хлебу, Хоць менее ўсё рук — іх кліча дол. Вучылі ж вы, як сеяць зерні ў глебу, Каб луста праўды асвячала стол. Нашу я сёння, замест эпілога, Гаркоту з вашых апусцелых хат. За бурны век вы вызналі так многа! Ды пра такое думаў хто?.. Наўрад. Мой родны свет: Я ў кожнай тут часцінцы Жыву — дзялю трывогу і слязу. І ўсё, чым з каранёў тут прычасціўся, Я ў людства, як урок ваш, панясу.

Не выпадкова ў гэтых паэтычных радках Мікола Арочка ўспамінае прозвішчы Жыткевічаў, Збраевіча і Трафімовіча. Бо арганізатарамі ТБШ і бібліятэкі ў той нялёгкі 1927 год у вёсцы былі Рыгор Акулевіч, Сцяпан Ігнатовіч, Васіль Трафімовіч, Сямён Жыткевіч, Павел Таўлай, Кастусь Петручэня і іншыя вясковыя хлопцы. Дарэчы, Рыгор Акулевіч, каб пазбегнуць арыштаў з боку пілсуцкай Польшчы, у 1928 годзе эмігрыраваў у Канаду, дзе актыўна ўключыўся ў рабочы і фермерскі рух, прымаў удзел у выпуску першай рускай газеты ў Канадзе “Канадский гудок”, нараджэнне якой вітаў Максім Горкі. Газета мела і беларускую старонку. У Другую сусветную вайну Рыгор Акулевіч добраахвотнікам пайшоў на фронт, у баях з немцамі быў цяжка паранены. Пасля вайны ў Канадзе ён узначальваў газету “Вестник”, напісаў і выдаў кнігі “Рускія ў Канадзе” і “50 год Беларускай рэспубліцы”.