Читать «Янка Купала і Слонімшчына» онлайн - страница 7
Сяргей Чыгрын
Не спынялася дзейнасць самадзейных драматычных калектываў на Слонімшчыне і ў 1930-х гадах. Аб гэтым сведчыць допіс “Беларуская сцэна на вёсцы” паэта Анатоля Іверса з вёскі Чамяры, які быў змешчаны ў часопісе “Беларускі летапіс” № 6-7 за травень-чэрвень 1937 года: “У нашых умовах беларуская сцэна на вёсцы робіць шпаркія поступы. У сучасны момант толькі пры помачы спектакляў прыходзіцца вучыцца пісаць і працаваць на грамадскую карысць. У такіх выпадках для шкодных навыкаў, як карты, гарэлка, дзікія разгулы, няма месца”. Далей аўтар паведамляе, што зімою 1937 года ў памяшканні мясцовай польскай школы была пастаўлена “Паўлінка”. Школьная зала была перапоўнена гледачамі. Артысты вымушаны былі паўтарыць пастаноўку п’есы. У падрыхтоўцы і пастаноўцы беларускіх спектакляў прымаў актыўны ўдзел і Анатоль Іверс. На дазвол пастаноўкі спектакля ўправа гуртка ТБШ падавала заяву ў староства, дзе рэферэнт бяспекі ставіў розныя перашкоды. Але ўсведамленне важнасці культурна-масавай работы надавала сілы сябрам гурткоў ТБШ і дапамагала пераносіць вялікія цяжкасці.
Пасля Другой сусветнай вайны, драматургія Янкі Купалы зноў вярнулася на слонімскую сцэну. Хаця і падчас нямецкай акупацыі ў Слоніме пры Беларускім Народным доме дзейнічаў тэатральны гурток, які стварыў Сяргей Новік-Пяюн. Па словах сведкаў, сярод пастаўленых п’ес гэтым гуртком былі і “Прымакі” Янкі Купалы.
У 1948 годзе пры Слонімскім РДК быў створаны тэатральны гурток. У 1959 годзе гэты гурток паставіў славутую “Паўлінку” (рэжысёр Міхаіл Фрыдман). За гэты спектакль слонімскаму тэатральнаму гуртку было нададзена званне народнага тэатра. З “Паўлінкаю” Слонімскі народны тэатр аб’ездзіў амаль усю Беларусь і меў найвялікшы поспех.
У 1968 годзе калектыў Слонімскага народнага тэатра узначаліў малады рэжысёр Мікалай Варвашэвіч. Сваю творчую кар’еру рэжысёр вырашыў пачаць з купалаўскай “Паўлінкі”. А слонімцы з цікавасцю чакалі гэтай прэм’еры. І яна адбылася 12 снежня 1968 года. Трэба адзначыць, што самадзейныя артысты працавалі тады з захапленнем. Яны ведалі, што ім цяжка канкурыраваць з прафесійнымі дзяржаўнымі тэатрамі, але жаданне сказаць “сваё слова” брала перавагу. Да таго ж народныя сакавітыя характары, чароўная і маляўнічая мова, востра камедыйныя сітуацыі былі добрай школай для аматараў сцэны.
Першай вартасцю спектакля ў Слоніме стала вернасць выканаўцаў драматургічнай аснове – п’есе Янкі Купалы. Пры ўсіх прыватных недахопах, спектакль заваяваў гледача, прынёс радаснае пачуццё сустрэчы з даўно знаёмай усім беларусам п’есай у новым – старанным і трапяткім – выкананні. Артысты народнага тэатра здолелі так сыграць некаторыя эпізоды, што ўспрымаліся яны, як новыя, як адкрыццё. І зала сустракала смехам Агату, якая кажа, нібы вось тут, зараз на сцэне, знаходзіць гэтыя словы: “Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца! Ноч на дварэ, кабыла за плотам, паўвярсты да дому, а гэты тудэма-сюдэма, начніца касавокая, не вытрымаў, каб людзям не нарабіць у ночы неспакойства...”.