Читать «Так» онлайн - страница 3

Уладзімір Някляеў

*** Пацалавала ў чало І засмяялася... Гэта амаль што было Тым, чым здавалася. Што, як са срэбрам эмаль, Музыка з голасам, З лёсам зраслося амаль - І раскалолася. Што заблукала, як боль, Сэрца паблізу, Не паўтарыўшыся больш Нават прыблізна. КОШКА Не пачую водгуку ў мальбе, Пракрычу ў прасцяг глухі: "Ісусе!.." Божа мой, я плачу без цябе, Божа мой, я без цябе смяюся. З чым я рушыў з лёсу ў лёс наўпрост? Для чаго? Каб у чужым заглушку Скруха кошкай выгінала хвост, Кіпцюрамі драпала падушку? Каб у бок, дзе ты, напружваць зрок Так, што ў вокнах выгінае шыбы?.. Вораг не прыдумаў бы знарок Кары той, што сам сабе я выбраў. Любая!.. Але паклаўся шлях Незваротны прад любой мальбою... Кошка ліжа кроў на кіпцюрах. Шчэрыць іклы. Дыбіць хвост трубою. ЭМІГРАНТЫ Ні тэарэм. Ні аксіём. Спажыўнае ў цане. Што Бог пашле - ядзім і п'ём, А не пашле - дык не. Учора - склеп, сягоння - дах, А заўтра без жытла, І ўсюды горка-кіслы пах Прыгарку, пылу, тла. Ні аксіём. Ні тэарэм. Цыбуля. Хлеб. Алей. Як добра ўсё ж, што мы памрэм Прад тым, як жыць далей. МОСТ ПАНЯТОЎСКАГА Адчай. Спякота. Духата. Да Віслы рушыў, каб тапіцца, Ды папярэднік з-пад маста Сказаў: "І гэта марната, Ніякая не таямніца". Трамвай на мосце рэйкі тоўк Ад соннай Віслы незалежна. Вада сплывала кругабежна. "Які ў тым толк?! Які ў тым толк?!" - Грымела польскае жалеза, Іскрыўся пад дугою ток. ВЕРАБЕЙКА На рабіне золак стыне. "Верабейка, як жывеш? Што ты робіш на рабіне, Як рабіны не дзяўбеш?" Верабейку на мякіне, Чык-чырык, не правядзеш: "Што ты робіш на чужыне, Як жывеш і сэрца рвеш? Як няма на ёй нічога, Да чаго душой прывык?.." Верабейка, птушка Бога, скок ды скок, чырык-чырык. СТРАХ У краях, збітых войнамі Так, што страх не злячыць, Нават воля не вольная Вольна душы лучыць. Там няма ў яе вернікаў, А халопы адны, - Прагнуць пугі і перніка, А не волі яны. *** Рака крыві за волю - праз вякі... Калі і хто той волі меў даволі? Зацятыя рабы зацятай волі Не лепей, чым яе рабаўнікі. Ніхто не змог, як воля, вольным стаць... Хоць абдымайся з воляю аберуч - Паэту вольнай птушкай не спяваць, Не паляваць тырану вольным зверам. А вольны, можа, толькі плач сірочы, Няўцямны крык у прадсмяротны час, - І кожны з нас здабудзе волю двойчы, І двойчы згубіць волю кожны з нас. Усім на волю Бог дае іспыт - І не займець збавення ад іспыту: Адзін раз воля - калі ты з нябыту, Другі раз воля - калі ты ў нябыт.