Читать «Так» онлайн
Уладзімір Някляеў
Уладзімір Някляеў
Так
Замест прадмовы
Калі 6 чэрвеня 1999 года, у дзень 200-годдзя Аляксандра Пушкіна, апынуўся я за мяжой, аказалася, што ў мяне не зусім акрэслены статус. У Пушкіна - акрэслены, а ў мяне - не. Таму паўстала пытанне пра палітычны прытулак, бо статус палітычнага эмігранта акрэслены цалкам. Гэтак, што ты не можаш зваротна перайсці мяжу, вярнуцца дамоў...
Падціскалі мяне з такім рашэннем, падбівалі да кроку такога і з нашага боку, і з таго. Кожны са сваім інтарэсам - а ў мяне які?..
І з беспрытульнага тлуму ў галаве прыснілася мне, нібы ўрэшце пайшоў-такі я палітычнага прытулку прасіць. Аказаўся ў нейкай казённай польскай установе, дзе гэты прытулак альбо даюць, альбо не даюць, і злосная на ўсіх "прытульшчыкаў" свету пані раздражнёна зайшлася ненавіснай мне кірмашовай візготкай:
- Як ледзь мы лепей зажылі, так адразу ўсе ў беднае польскае паньства папёрліся!.. А вам нашто наш прытулак?.. Вы і так паляк, у вас дзядзька ў Польшчы жыве!
Здранцвеўшы, я ўспомніў, што ў мяне яшчэ і бацька рускі, і наогул Бог ведае, хто я, але пачаў даводзіць, што я ўсё ж беларус, хоць у мяне бацька рускі і дзядзька ў Польшчы жыве, ды пані слухаць не стала:
- А скуль мы ведаем!.. Мы на словах нікога не прымаем - пішыце заяву і аўтабіяграфію!.. - І я фізічна запомніў, як у тым сне на нейкім бланку, які мне выдала візготная пані, на ягоных верхніх лінейках чорным па белым напісаў: "Аўтабіяграфія для прыёму ў беларусы".
Помню, што лёгка, як заўсёды, пачаў аўтабіяграфію з месца і даты нараджэння, але з тым, што далей пісаць, як выявіцца беларусам так, каб мяне прынялі ў беларусы, - узнікла праблема...
Сон гэты быў з тых хуткіх, кароткіх сноў пад ранне, якія цалкам і падрабязна запамінаюцца, і я пра яго стаў думаць, бо адчуваў, што не такая ўжо й дурнота мне прыснілася.
Я задаўся просценькім пытаннем: а колькі ж напісаў я за сваё жыццё гэтых самых аўтабіяграфій?.. Безліч!.. А для чаго я іх пісаў? Каб паступіць у тэхнікум, у інстытут, у Саюз пісьменнікаў, каб паехаць за мяжу, каб атрымаць медаль, ордэн, прэмію, каб працаваць у газеце, у часопісе, на тэлебачанні, каб стаць карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, галоўным рэдактарам - і гэтак далей, і далей, і далей, і яшчэ чорт ведае для чаго... І калі ў прэамбуле, у абавязковай сваёй частцы: дзе і калі нарадзіўся, на каго вучыўся, з кім і калі ажаніўся - аўтабіяграфіі тыя былі аднолькавымі, дык далей, у частцы змястоўнай і больш-менш адвольнай, у залежнасці ад таго, куды і па што я з імі шчаміўся, былі яны даволі рознымі. Прычым, настолькі, што ў біяграфію аднаго чалавека іх і не складзеш... А каб не толькі скласці, але і пражыць гэтыя біяграфіі без узаемавыключэнняў, трэба падзяліць іх па меншай меры на чалавек трох-чатырох, адным не абыйдзешся.
Я ніколі не адчуваў у сабе асаблівай цэласнасці, нават не ўяўляю, як гэта чалавек сябе цэласным пачувае. Цэласнасць у нейкія асобныя моманты, калі трэба ўсе свае часткі сабраць, каб прыняць адно-адзінае рашэнне - калі ласка. А так, каб праз усё жыццё - не. Не магу разабрацца ў частках, няма інструкцыі па зборцы - і не разумею, як. Хоць людзі, якія лавілі мяне на ўнутранай раздвоенасці (адна жанчына нават сказала, што я ўвесь вітражны), даводзілі, што яны цэласныя і ёсць.