Читать «Наскрозь» онлайн - страница 6

Уладзімір Някляеў

Роднае Вясновы першы гром Скаціўся, як з гары, I рэха ля крыніц дубы хістае. Бусліная зямля. Азёры ды бары. Акопы ды палын. Зямля святая. Тут не забыты плач. I не забіты смех. Не аціхае спеў чарод птушыных. Тут дождж не проста дождж. I снег не проста снег. Бо гэта дождж і снег над берагам Айчыны. Жаўна Нават рэха няма ў гэтым лесе, Няма нават рэха. А бывала чутно, Як вавёрка гуляла арэхам, Перакідвала з зуба на зуб... Векам, дупламі сточаны дуб Больш не просіць, Каб дзяцел прачысціў старэчае вуха Няма чаго слухаць. Глуха Ад відна да цямна, Быццам лес гэты выкляты лёсам... I заплакала раптам жаўна, Не — запела адчайна жаўна, Што спрадвеку была безгалосай! Як звінела яна! Скуль яна?.. і якая яна?..— Не відно!.. Толькі голас пярэсты! Толькі ў медным аркестры Залатая струна! I ледзь-ледзь ажыла, Загула Медзь, якая была анямела. Палавіна аркестра гула: як змагла? Палавіна гула: як пасмела! Сыч схаваўся ў дупло. Закрычала сава звар'яцела: "Тут такой не было!.," Мала што не было! Не было — прыляцела. Над будзённаю скрухаю Святкаваў залаты яе голас... Песні трэба, каб слухалі. Каб на песню быў голад. Толькі лес — як сцяна. Зрэдку вецер у вецці шугае, Паляцела жаўна, Дзе яна свайго лесу шукае?