Читать «Пяты этап» онлайн - страница 16

Сяргей Пясецкі

Злодзей пазіраў на яго з асцярогай.

— Ну, каціся! Раз, два! Чаго чакаеш?!

Забава нават дапамог злодзею сабраць вытрасеныя ў канаве рэчы, падняць воз і надзець кола.

Забава чакаў.

Міліцыянер, які хутка пасоўваўся на далёкім даляглядзе вуліцы, ужо наблізіўся да аддзялення. На момант паказаўся ў яркім святле электрычнага ліхтара і знік за параднымі дзвярыма камяніцы.

— Ну, зараз ірві кіпці! — скамандаваў Забава. — Жыва!

Злодзей хвастануў лейцамі каня, і воз хутка пакаціўся. Праз некалькі хвілін знік у цемры.

Забава пералез праз агароджу могілак, а адтуль кароткай дарогай трапіў дадому. Прыцягнуў на аборцы аканіцы. Зачыніў акно. Схаваў пад падлогу наган і лёг у ложак, раскашуючы над працягам «Парыжскіх таямніцаў».

Свісток міліцыянера цяпер яму не замінаў.

* * *

Вось гэты наган і закапаў Забава, разам з бранзалетам, у склепе.

* * *

З глыбіні падворка Забава прынёс драбіну і прыставіў яе да дзверцаў, што вялі на гарышча. У галаве праносіліся неспакойныя думкі: «Ці знайду ўсё?.. Два з паловай гады прамінула».

Яму цяпер было вельмі важна знайсці тыя рэчы, ад гэтага залежала наступнае, што магло адбыцца пасля выезду з Менска. Зараз яны здаваліся яму цэлым скарбам і найперш ад іх цяпер залежаў поспех усёй ягонай працы.

Стаўшы на апошнім прыступку драбіны, канцом нажа па-майстэрску адамкнуў спружыну навяснога замка. З гарышча злез у сенцы, дзе нейкі час прыслухоўваўся пад дзвярамі, што вялі да дзвюх кватэр.

Падняў дзверцы і ўлез у склеп. Рабіў усё спакойна, давяраючыся свайму спрыту, досведу і самай найлепшай памочніцы для нелегальнага чалавека: ночы. Але калі апынуўся ў склепе і пачаў раскопваць зямлю, трохі стаў нервавацца. «Можа, ужо няма?» — тахкала ў галаве трывожная думка.

Усё было на месцы. Забава выцягнуў са схованкі закапаны некалькі гадоў таму пакет. Атрос з пяску. Перарэзаў моцна завязаныя шнуркі. Разгарнуў даволі вялікі лапік прагумованага плашча, нейкія анучы, і, нарэшце, тоўстую, прамасленую паперу.

Бліснула матавае цела нагана. Радасць ахапіла Забаву. Узяў моцна, як далонь найлепшага сябра, ручку рэвальвера, зазірнуў у рулю, пакруціў паль­цам маленькі барабан. Зрабіў рукой рух быццам страляе і засмяяўся. весела, шчасліва. Рэвальвер быў у парадку.

Забава сцёр з яго насоўкай аліўкавы алей, якім калісьці змазаў, і паклаў рэвальвер у кішэню. Выняў з паперы бранзалетку і таксама схаваў яе. Астатнія паперы і анучы згроб нагой у ямку, засыпаў пяском і прытаптаў зямлю.

Ідучы назад цёмнымі вуліцамі места, выдатна сябе адчуваў. «Я маю машынку. маю. Сем пэўных стрэлаў», — праносіліся ў галаве вясёлыя думкі.

* * *

Была адзінаццатая гадзіна ночы, калі спадарыня Двалінская, пасля доўгай гутаркі з Забавам, пайшла адпачываць. Забава застаўся з яе бацькам.

— Ведаеце што, пан? — сказаў Юзаф. — Падабаецеся мне. Нам трэба наша знаёмства акрапіць. Маю ў запасе бутэлечку першаку, таму раздушым яе.

Неўзабаве на стале з’явілася літровая бутэлька самагону. Пан Юзаф падахвоціўся. Зрабіўся вясёлы і вельмі гаваркі.

— Я не маю адукацыі — сказаў ён, — але жыццё бачыў. Ой, пабачыў! Шчыра, паночку. Шэльму па вачах пазнаю. Так. У мяне: як чалавек чалавекам. душу аддам! Як хам — душу з яго вон!.. Вось што!.. У пану бачу чалавека. Так.