Читать «Пяты этап» онлайн - страница 15
Сяргей Пясецкі
Найболей здзівіла яго тое, што нават у цэнтры места, дзе панаваў адносна вялікі рух, не чуваць было людской гамонкі.
«Тут ніхто не гаворыць, не смяецца: нечага ўсе баяцца!» — зрабіў выснову Забава.
Пачуваўся, быццам нырцануў у ваду і паволі плыве ў ёй. Уражанне гэта ўзмацняў дробны дождж і бліскучыя каціныя ілбы мокрага бруку. Вуліцы пакідалі ўражанне брудных каналаў, а людзі нейкіх фантастычных рыб. Здавалася, што не ішлі, а плылі, цёмныя, цяжкія, бясформенныя.
Забава ішоў у кірунку Залатой Горкі.
Забава ляжаў у ложку і пры святле свечкі з вялікай цікавасцю чытаў «Таямніцы Парыжа». Дзесьці далёка за акном працягла і надакучліва галасіў міліцэйскі свісток. Забава падняўся з ложка, узяў на кухні сякеру, расчыніў рамы і аканіцы, вылез праз акно на вуліцу.
Было ціха і цёпла. Забава ў адной бялізне з сякерай у руцэ ішоў у кірунку свістка. На бакавой вуліцы ўбачыў міліцыянера, які няспынна свістаў, працавіта адтапырваючы шчокі. У правай руцэ трымаў наган з узведзеным курком. Руля рэвальвера была накіравана ў грудзі чалавека, які ляжаў у рыштку з паднятымі ўгару рукамі. Трохі далей ляжаў, перакулены ў канаве, воз.
— Што тут здарылася? — спытаў Забава, набліжаючыся з сякерай у руцэ да міліцыянера.
Ахоўнік грамадскага спакою, убачыўшы сякеру ў руцэ Забавы, падаўся назад, але, заўважыўшы лаяльны выраз на твары Забавы, сказаў:
— Таварыш, я арыштаваў злодзея, які хацеў збегчы, але ў яго перакуліўся воз. Свішчу, свішчу, а з камісарыяту ніхто не падыходзіць.
Забава згадаў доўгія спісы расстраляных, штодня друкаваныя ў газетах, і свой нядаўні арышт, калі ледзь не паклаў жыццё.
— Гэта злодзей?! — спытаўся пагрозліва.
— Так, таварышу.
— А што тут з ім бавіцца! Я яго зараз ліквідую. У нас нядаўна гэткія, а, можа, акурат і ён сам, кабана скралі. — Забава бліснуў лязом сякеры, падымаючы яе.
— Нельга, таварышу! — міліцыянер схапіў яго за руку. — На гэта ёсць следства і суд. Можа, яшчэ іншых выкрыем. ягоных хаўруснікаў. Ведаеце што? — дадаў неўзабаве. — Папільнуйце гэтага сукінага сына, а я прывяду з аддзялення падмогу, бо нельга фурманку тут пакінуць. Там шмат скрадзенай з вайсковага склада конскай збруі.
— Добра. — сказаў Забава, — толькі хутка.
— Мігам!
Міліцыянер ступіў некалькі крокаў, але зараз жа вярнуўся.
— Страляць умееце, таварышу?
— Вядома!
— Трымайце машынку. Як што — у лоб!
Забава ўзяў наган і заняў ваяўнічую паставу. Міліцыянер спехам падаўся да аддзялення, што месцілася на той самай вуліцы, праз дзесятак будынкаў. Над ягоным уваходам, наверсе, вісеў ліхтар, які асвятляў даволі вялікую частку вуліцы перад забудовай.
Калі міліцыянер апынуўся на такой адлегласці, што не мог іх чуць, Забава звярнуўся да злодзея: таксама