Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 91
Сяргей Пясецкі
– Але ж я рускі.
А ён кажа:
– У нас тут чужынцаў шмат было, і кожны мог свабодна жыць і працаваць, калі супраць нашых законаў не выступаў.
Сапсаваў мне настрой той Андрэй. Зразумеў я, што мая сітуацыя вельмі дрэнная. Не цікавілі мяне ўжо ні песні, ні пачастунак, ні дзеўкі. Нават раней дадому пайшоў. Спытаўся я ў пані Юзэфы:
– Пані вельмі адукаваная. А я хто – звычайны салдат і мала што ведаю. Няхай скажа мне пані праўду, ці перамогуць Гітлера?
– Натуральна, – адказала яна, – што перамогуць. Супраць яго зараз паўсвету змагаецца. Пакуль ён яшчэ трымаецца, але доўга не працягне.
– Добра, – кажу. – А калі гітлерцаў адсюль выганяць, дык якая тут будзе ўлада: англійская ці савецкая?
– Ні англійская, ні савецкая, – адказала яна.– Тут зноў будзе Польшча, як і была. За гэта ж змагаліся і змагаемся ўвесь час з Германіяй… Наша вольнасць гарантавана міжнароднымі дамовамі. Бо за тое, каб тут была чужая ўлада, змагацца не было б патрэбна. А з Расіяй наш галоўны лідэр, генерал Сікорскі, паразумеўся. Ён зараз у Англіі жыве. А калі з немцамі скончым, дык ён адразу сюды з польскім войскам прыбудзе.
– Дык гэты Сікорскі для вас такі ж, як раней быў Пілсудскі?
– Зразумела, і ўвесь народ верыць і чакае, калі ж ён тут з’явіцца. І ўрад наш разам з прэзідэнтам таксама сюды прыедзе і будзе Польшчу адбудоўваць пасля тых спустошанняў, якія нам нарабілі савецкая і нямецкая акупацыі.
– А хто ў вас зараз найгалоўнейшы… Вось, у нас Сталін. А ў вас?
– У нас прэзідэнт Рачкевіч.
– Рачкевіч?
– Так.
– З гэтага вынікае, што вы двух правадыроў маеце. Адзін цывільны – гэта прэзідэнт. А другі вайсковы – генерал Сікорскі. Гэта дрэнна.
– Чаму?
– Бо парадку няма. Невядома нават, каму тэлеграмы дасылаць з выразам любові і адданасці. І войска не ведае, аб кім песні спяваць.
Тады мне пані Юзэфа доўга аб палітыцы, аб дэмакратыі і аб розных іншых справах апавядала. Але я гэтым усім мала цікавіўся. Найгорш было тое, што мая сітуацыя зараз вельмі дрэнная. Нашы прыйдуць – куля ў карак! Немцы злапаюць – куля ў лоб! І аказалася, што адзіныя, на каго я магу разлічваць, дык гэта палякі. На іх буржуйскі, панскі ўрад. Вось да чаго справы дакаціліся!
Я амаль усю ноч не спаў і толькі аб усім тым думаў. Бо выйшла так, што я дэзерцір, вораг народу і пралетарыяту. А ў чым я павінен? Заўсёды ж у першую чаргу любіў Сталіна і Расію. Заўсёды іх шанаваў і любіў, так, як належыць кожнаму чэснаму і шляхотнаму камуністу ва ўсім свеце. І толькі кулю ў лоб альбо сасланне ў лагер заслужыў!… Нават аказалася, што толькі буржуазія і капіталісты могуць мяне з гэтай сітуацыі выратаваць і жыццё мне даць… Вельмі прыкрае такое самапачуццё. Вось.
Вымушаны я буду навучыцца размаўляць па-польску а таксама вывучыць словы польскага Інтэрнацыяналу, а таксама мелодыю ягоную дакладна даведацца. А Запіскі мае мушу прысвяціць ажно дзвюм асобам адразу. Тым генералу Сікорскаму і прэзідэнту Рачкевічу. Толькі каго з іх першым назваць? Гэта вельмі істотна, і я баюся, каб не зрабіць памылкі. Але хіба лепей генерала. Бо ён як Гітлера прыкончыць, дык, рэч вядомая, уладу ў свае рукі залапае і прэзідэнта таго адразу як-небудзь спрытна зліквідуе. Таму і будзе першым у дзяржаве. А калі памылюся з важнасцямі персонаў, тады буду вымушаны выбачэння прасіць і сазнацца польскаму НКВД, што гэта мяне немцы падгаварылі, я ж ад дурноцця паслухаўся. Можа, тады больш лагоднае пакаранне адмераюць. Так, вельмі цяжка мне да новых акалічнасцяў прыстасоўвацца.