Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 68

Сакрат Яновіч

Кнігі аднак чытае далёка ня кожны чалавек. Часьцей людзі бяруць у рукі часопісы. А ў іх жа, гэтых воблаках пагоды, надта рэдка зьяўлялася нейкае слова пра Беларусь. І гэтак жа нечакана часта пачало яно гасьцяваць на іхных старонках у той сьмяротны скрыпат у падрубах Савецкай Імпэрыі, у гарбачоўскую „перабудову”. У польскіх умовах чырвоны фашызм раней страціў манаполію на друкаванае слова; разраслася цэлая вялізная сетка непадцэнзурных, падпольных выданьняў; заснавалася адзінаццаць выдавецкіх фірмаў і каля некалькіх сотняў усякіх часопісаў, газэт і газэтак, бюлетэняў і іншай журналісцкай драбніцы (адны хутка падалі, уступаючы месца іншым; другія трымаліся, выстаяўшы выпрабаваньне кансьпірацыяй). У саракамільённай краіне, спазнаўшай смак свабоды, рэпрэсіўны апарат з адных палякаў ня мог быць эфэктыўным, тым болей, што ён сам пераставаў верыць у слушнасьць сваіх дзеяньняў.

Беларусь непасрэдна не пакарысталася гэтым. Усё адбывалася на лініі Варшава — Масква, якія паслалі на пэнсію вартаўнікоў існуючага ладу, а новых не прыслалі, і Менск аднойчы не паверыў сваім вачам, што ўжо быццам і ніхто над ім не стаіць зь бізуном...

38. Час

Мы, беларусы, столькі стагодзьдзяў сумесна з палякамі пражылі ў адной дзяржаве, даўняй Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, маючы й пасьля падобны лёс, каб пры канцы дваццацівечча зусім адасобіцца — псыхалягічна й культурна. Выдатны публіцыст „салідарніцкай” арыентацыі Багдан Скарадзінскі напіша:

„Як жывецца людзям у маляўніча-пагоркавай Летуве, у Беларусі, зь яе лугамі й бярэзьнікамі, ці на чарназёмнай Украіне? І што іх там хвалюе? Столькі ведаем, што нічога. Напэўна гаруюць-бядуюць, і пэўна сум точыць чарвяком іхныя сэрцы ад нейкае тугі, каб, урэшце, па-людзку жыць, у сябе й на сваім. І, відаць, не да канца згасла ў іх памяць пра вялікія надзеі ды пра яшчэ большыя расчараваньні, прыніжэньні, няўдачы й драмы. І што мы, палякі, займаем у іхнай памяці ды пачуцьцях цалкам сваё й зусім не апошняе месца.

Вымушаны яны глядзець у наш бок — на захад — хочучы таго, ці не, усенькія сьвядомыя беларусы, летувісы, украінцы. Ці глядзяць яны з адною толькі надзеяй і добразычлівасьцю, я сумняюся. Вялізны ляжыць там цяжар гістарычных канфліктаў, жаляў і крыўды, і нішто не ўдалося — ні нам, ні ім — каб тыя равішчы поўныя ад узаемных прэтэнзіяў хаця б крыху пазавальваць. Магчыма, адно бегкі час прасушыць раны й спавольна паявяцца на іх гаючыя струпы. (...) Некалі ў будучыні надыдзе такі час нармальнага сужыцьця зь Беларусяй, зь Летувою, з Украінаю. Важнае нават і ня тое, калі ж ён будзе. Куды істотней тое якраз, якімі мы тады суседзямі будзем. І ў якой меры супольнымі намаганьнямі прысьпешым хаду гісторыі, каб прыдаць ёй нейкі рытм. Каб потым жыць, як і ўсе ў сьвеце; як Бэльгія каля Нідэрляндаў, як Швэцыя каля Нарвэгіі”.