Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 4

Алесь Жук

Недалёка сонна крыкнула вадзяная курка, зашалпаталася ў траве, ціха, як незадаволена, адазвалася на яе крык за трыснягом крыжанка, і зноў усё супакоілася.

Стары бабёр яшчэ раз азірнуўся на хатку, сышоў з астраўка і паплыў, нячутна, толькі лёгка разыходзілася па вадзе хваля.

Плыў да самага берага, дзе пачыналася тупкае і куды яны, бабры, не любілі выходзіць. У іхняй калоніі былі накапаны норы, забалочана, і туды ніхто не мог дабрацца. Тут быў чысты бераг, палоска адкрытае, не захінутае нічым вады.

Стары бабёр доўга стаяў на месцы, прыслухоўваўся, потым усё ж, быццам пераступіў мяжу, вылез на бераг, прысеў.

Тут віўся маленькі ручаёк. Выцякаў ён з крыніц за кіламетры два адсюль, з-пад двух вялікіх, як горы, узгоркаў. На адным з іх стаяў стары панскі будынак. Цяпер яго цяжка пазнаць. Ён даўно перароблены пад школу. Некалі ў лагу ляжалі вялікія сажалкі. Цяпер яны зараслі трыснягом, чаротам, але з іх выцякала вада, бегла ручаём, які пакрысе большаў і які перапынілі плацінаю невялічкага заводзіка, дзе рабілі газіраваную ваду. Нявычышчанае азерца густа зарасло трыснягом, толькі перад самаю плацінаю, на глыбейшым, быў плёс. А далей, дзе ручаёк рабіў завоіны, у балотнай лагчыне, парослай алешнікам, яшчэ адну плаціну даўным-даўно паставілі бабры. Там, дзе яны забалоцілі сабе месца, і жыла іх невялікая калонія. 3 аднаго боку ад рэчачкі стаяў на ўзгорку бор, пад ім хат з пяць маленькае вёсачкі. І гэты заводзік. Сюдою мала хто хадзіў, мала хто ездзіў, і яны жылі тут спакойна, без клопату. Хапала на іх і лазы, і карэньчыкаў, і травы. Тут была іх маленькая радзіма.

Але стары бабёр ведаў, што сюды яны прыйшлі. Прыйшлі з вялікае, прасторнае рэчкі, не раўня гэтаму раўчуку, які праз пяць кіламетраў прападае ў чыстым полі.

Сюдою паўз лес, па глыбокай лагчыне, дзе ўвесну, як на рацэ, шумела расталая вада, была дарога да вялікае рэчкі, дзе жылі спрадвеку вольна і неабсяжна бабры. Стары бабёр памятаў і ведаў гэта. Цяпер ён сабраўся пайсці туды. Ён шукаў дарогу да свайго прасторнага спрадвечнага пасялення.

Ісці трэба было цяпер. Стары бабёр адчуваў, што трэба ісці не пазней чым гэтым летам. Бо пазней невядома, ці астанецца ў яго сіла, каб прывесці туды маладую сваю сям’ю, пабудавацца і пакінуць іх там, на спрадвечным месцы. А зрабіць гэта можа толькі ён адзін, бо ён памятае пра тое, што яму расказвалі старыя бабры, яго бацькі, і толькі ён адзін можа знайсці дарогу.

Дарогу гэту яму трэба было цяпер пазнаць, пазнаць тое месца, пра якое яму расказвалі старыя бабры, дзе было гэтак прасторна і адкуль іх выгналі вялікія машыны, якія не пакінулі на рацэ ні прысадаў, ні травы, ні самое глыбокае ракі. Тады яны пакінулі сваю радзіму. I ўвесь час яны расказвалі пра яе. I стары бабёр памятаў іх расказы. Стары бабёр хацеў вярнуцца назад, туды, дзе было гэтак вольна і шчасліва. А там, дзе вольна, здавалася, што і сіла будзе другая, і другое будзе здароўе, і там ён будзе жыць вечна.