Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 2
Алесь Жук
***
3 засады яму добра было відно поле. Рунь на ім гэты год густа, цёмна закусцела, ляжала, як вывернуты калматы кажух. Рунь паказвала на добры ўраджай. Ён прыходзіў, глядзеў яе ўдзень.
Сядзець было халаднавата. Сцяпан пашкадаваў, што паленаваўся, не абуў замест ботаў валёнкі — пачыналі настываць спадыспаду ногі. Устыла ад марозу зямля, і ад яе цягнула, як ад звадзянелага снегу, холадам. Можа, таму, што пад мароз было яшчэ і вільготна, туманліва. I неба замазалася, не паказвала на яснасць і на зоркі.
Машына хадзіла па полі, як добра навучаны сабака, чаўнаком, прынюхвалася да кусцістае зеляніны белымі насамі фар, усё бліжэй і бліжэй падбіраючыся да таго краю, дзе сядзеў у засадзе Сцяпан.
Месца гэтае ён нагледзеў сабе даўно. Тут некалі стаяў млын, на гэтых узгорках, якія называлі Партызаншчынаю. Ад млына асталася на ўзгорку яма, якая з часам зарасла быльнягом, цыкорыяй, асотам, травою. Сюды, да гэтае ямы, пасцягвалі і паспіхалі з поля валуны, падаставалі патайнікі і таксама пасцягвалі ў гэтую крушню. Месца сабе Сцяпан выбраў за вялікім каменем, які ён памятаў яшчэ з таго часу, калі быў малы. 3 яго некалі пачалі былі вычэсваць камень на жорны ў млын, абрабілі ўкруга, зраўнялі зверху, аставалася толькі адкалоць знізу ўсё лішняе і прасвідраваць дзірку. Але чалавек толькі пазначыў, як будзе адсякаць другую палавіну каменя, і не кончыў работу. Расказвалі, што яго вечарам ля каменя чорт напалохаў. Камень так і звалі спрадвеку Чортавымі Жорнамі.
Сцяпан паклаў старэнькую курковую дубальтоўку на камень, як на стол, стуліўся за ім у зацішку.
Машына ўсё вынюхвала рунь, і амаль не чутно было яе матора.
Здавалася, што вёсачка была недзе далёка, як маленькі астравок ці карабсль, на якім свяцілася толькі некалькі агеньчыкаў. Ад гэтае яе далечыні, ад велічыні поля, якое мёртва ляжала, туга схопленае марозам, ад таго, што яму, здаецца, няма канца, такім малым і слабым здаўся Сцяпан сам сабе. Як на дне яны былі з машынаю, а над усім гэтым уставала нешта высокае, неспазнанае, недасяжнае, вечнае, і да яго цягнула, і яно палохала сваёй велічынёй і неспазнанасцю... На нейкую часіну Сцяпану здалося, што ён усё роўна як падымаецца ад зямлі, здалося, што зараз адкрыецца яму ўсё да канца. Ад гэтага прадчування сэрца сціснулася соладка і трывожна.
Сцяпан аж здрыгануўся, хаця яшчэ і не зразумеў, што перамянілася. Міжволі рука прывычна ўхвацілася за шыйку прыклада стрэльбы. У полі ўспыхнула на машыне трэцяя фара, высвеціла тупы круглы капот і трапяткога, бездапаможна выцягнутага ў палёце над зялёным звярка. Капрызна фыркнуў матор, і машына пайшла ўслед, не выпускала шарака з лютага белага калідора. Машына даганяла яго. Як усё роўна не імчала следам, а ўцягвала яго ў сваю белую пашчу. I ён з яшчэ большым адчаем высільваўся, аж слаўся ўвесь — каб толькі ўцячы туды, да канца поля, да лазняку абапал палявое дарогі — сценкі! Там было яго ратаванне. Коратка, чырванавата пырснула святло з машыны. Нямоцна трэснуў стрэл. I шарак, як падрэзаны, мякка пакаціўся клубком. Клюнула носам, тармазнула машына. Нежывога яго не выпусціла са святла. Сцяпан адчуў, як б’ецца сэрца, нібы перад машынаю прайшоў сваім смяротным прабегам не заяц, а ён сам.