Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 3

Алесь Жук

3 машыны выйшаў чалавек. Паволі падышоў да звярка, падняў яго за пярэднія ногі, патрос перад сабою — паказваў таму, у машыне, вярнуўся да яе, адчыніў заднія дзверцы, кінуў туды здабычу. Патухла пражэктарная фара, і машына зноў пачала нюхаць рунь.

Сцяпан пераламаў стрэльбу, правёў пальцам па патронах, хоць памятаў, што яны ў ствалах. Надыходзіла яго пара. Ён расшпіліў кажушок і прыціснуў рукі пад пахамі — каб былі цёплыя. Прывычка даўняя, яшчэ з партызан.

Машына разы са два прайшла па полі, але не гэтак старанна, як хадзіла спачатку. Пасля таго як стралялі і ганялі, наўрад ці што асталося на гэтым полі. Няма дурных зайцоў сядзець тут. I ў лад Сцяпанавым думкам машына запаліла пражэктар, прайшла наўсцяж па полі, сюды, да Сцяпана, да выхаду на дарогу. Пайшла скора, лёгка пакалыхвалася на разорах.

Пад рукою ў Сцяпана прывычна суха трэснулі ўзведзеныя куркі. Ён ведаў, што цяпер машына не ўцячэ ад яго, што ён зарадам карцечы выб’е ў коле дзірку з кулак. Тады, хто б яны ні былі, не схаваюцца, ён прывядзе іх да людзей, да Жоглы... 3 гэтаю палёгкаю ён устаў за каменем на калена і, як толькі машына амаль што параўнялася, стрэліў у пярэдняе кола. Яшчэ не падняў галавы ад стрэльбы, з радасцю ўгледзеў, як павяло машыну ўбок, як спатыкнулася яна і не стала ў яе бегу. 3 палёгкаю ён разагнуўся, гатовы падхваціцца да машыны. I ў гэты час на яго, як на звярка, пырснуў люты сноп святла, і разам з ім на яго аднекуль скочыў па-рысінаму драпежны звер... Сцяпан адчуў, што ён скочыў, чырвона бліснулі вочы, пеканула збоку шыю, якую мёртваю хваткаю рванулі зубамі. Сцяпан выпуспіў стрэльбу, абедзвюма рукамі схапіўся за шыю і нахіліўся ніцма, на Чортавы Жорны, абліваючы халодны камень крывёю. Ён яшчэ пачуў, як недзе высока ў небе самотна ўскрыкнуў Апошні Журавель. Усё роўна як з перапуду ад таго, што нарабілася, патухлі фары, і машына рванулася з месца, б’ючы і калоцячы аб дарогу прабітым колам.

Потым стала ціха і глуха. Пачынаў церусіцца, як асмельваўся, першы снег. I па тым, як ён пачынаўся, і па той цішыні, якая залегла над зямлёю, было вядома, што снег кладзецца на ўсю зіму, што прыйшла яго пара і ніхто нічога не пераменіць.

***

Але так зроблена на гэтым свеце, што лес усё чуе, а поле ўсё бачыць. I таму быў трэці чалавек, які бачыў і агеньчыкі двух сустрэчных стрэлаў, чуў, як уцякае падбітая машына, ведаў, што там зрабілася. Мярцвеючы ад здагадкі, ён вывеў з двара трохколавы матацыкл са згарэлымі глушыльнікамі, завёў яго, усё роўна як расстраляў заснулую вясковую цішыню з буйнакалібернага кулямёта, і цераз грэблю, паўз возера памчаў на Партызаншчыну, да Чортавых Жорнаў....

ІІ

Стары бабёр выправіўся ў дарогу цёмначы. Толькі недзе далёка на ўсходзе крыху абазначылася светласць на небе, але была яшчэ ноч, кароткая, летняя. Над вадою слаўся туманок, рэдкі, празрысты, які знікне адразу, як толькі прагляне сонца. Стары бабёр ціха выйшаў з-пад вады недалёка ад свае хаткі, доўга прыслухоўваўся, паволі падгрэбваючы да невялікага астраўка. Вылез на яго, сядзеў, прыслухоўваў’ся і прыглядаўся.