Читать «Пакупнік сноў» онлайн - страница 3

Юры Станкевіч

***

Увесь наступны тыдзень Кук як чалавек цікаўны, узяўшы адгул, правёў усебаковыя пошукавыя даследаванні, якія тычыліся праблематыкі сноў. Заказаў у бібліятэцы шмат дапаможнай літаратуры па гэтай тэме і праседжваў у чытальных залах усю першую палову дня.

Выявіў для сябе шмат цікавага, але дакладна акрэсленай навуковай канцэпцыі так і не знайшоў. Увогуле, гаданне па снах насіла назву анейрамантыя. Як здаўна падкрэслівалася, усялякі сон важны толькі сваім вытлумачэннем. Празорцы мінулага начавалі ў храмах з пэўнай мэтай: пабачыць вешчыя сны і аб’явіць цікаўным іх сэнс. У старажытных плямёнах існавалі культы снабачанняў, якія захаваліся ў некаторых рэгіёнах і да нашага часу. Прычым рэальнасць сноў была, на іх погляд, больш вартасная за рэальнасць часу. Так, туземец з выспы Барнеа, які ўбачыў у сне, што жонка здрадзіла яму, лічыць гэта абсалютна доказным. Бацькі ў лепшых выпадках адразу забіраюць сваю дачку назад да сябе, каб пазбегнуць помсты раўніўца. Сведчанне снабачцы пераважвае любыя адгаворкі. Індзейцы племені іракезаў, што б ім ні прыснілася, абавязкова выконваюць гэта, і як мага хутчэй. У Бразіліі індзейцы племені тупа-інба рашаліся на вайну толькі пасля спрыяльных сноў, а ў мексіканскім племені хуічолаў адмыслова прызначаны снабачца выбіраў новых кіруючых асоб і правадыроў. На Камчатцы, як сведчыў вядомы даследчык Г. Штэлер, дастаткова было заявіць, што табе сасніліся ласкі такой-та дзяўчыны, каб іх тут жа атрымаць. Яна памерла б, калі б не зрабіла так, каб рэаль­насць заплаціла пазыку перад сном.

Далей Кук усё больш паглыбляўся ў тэарэтычныя вышукі і паранавуковыя адхіленні. Урэшце, што такое наша рэальнасць? Гэта тое, што мы бачым рэчы такімі, якімі іх бачыць ... дамовіліся. Тое, што зноў і зноў паўтараецца, паддаецца вымярэнню і мае нязменны вынік. Але ж ужо цяпер толькі з квантавай тэорыі мы ведаем, што сапраўдная, абсалютная рэаль­насць існаваць у свеце пастаянна вібрыруючых скапленняў атамаў, прывідных субчасцінак, статыстычных верагоднасцей і палей — не можа. Мы вымушаны канстатаваць, што абсалютна рэальнага няма і ніколі не было. Увесь наш асабісты свет — магчыма, штучна створаны лакальны галадэк: жыццёвая прастора, карыстальнікі якой могуць выклікаць галаграфічныя імітацыі любой пажаданай рэальнасці. А калі перанесці ідэю галадэка на ўвесь Сусвет, то і галаграма прыраўняецца да яго і стане Галасветам, а наша падсвядомасць, запраграмаваная на тое, каб час ад часу апускаць нас у сапраўдную рэальнасць, імкнецца паказаць нам, што свет, які мы ствараем, таксама бясконца крэатыўны, як рэальнасць нашых сноў. Урэшце некаторыя сур’ёзныя вучоныя і даследчыкі лічаць сны «ўнутранымі галаграмамі». На іх думку, у так званых «светлых» снах, у ходзе якіх спячы захоўвае ясную свядомасць і ўплывае на падзеі, здзяйсняюцца візіты ў паралельныя рэальнасці, якія адбыліся ці адбудуцца ў іншы час. Ніхто дакладна не ведае, што такое сон і як працуе мозг чалавека. Дзіўны і злавесны сэнс набывала на першы погляд жартоўная дылема Чжуана-дзы пра філосафа, якому толькі што снілася, што ён — мятлік, і мятліка, якому цяпер сніцца, што ён — філосаф.