Читать «Пакупнік сноў» онлайн

Юры Станкевіч

Юры СТАНКЕВІЧ

ПАКУПНІК СНОЎ

Адзін чалавек па прозвішчы Кук, а ён працаваў загадчыкам аддзела ў гарадскім архіве, маючы аднойчы нейкую не вельмі істотную патрэбу, зайшоў да свайго суседа па лесвічнай пляцоўцы, якога звалі Яўген Мігель. Суседзі, як гэта звычайна бывае ў большасці выпадкаў у вялікіх гарадах, мала што ведалі адно пра другога, хіба толькі ў агульных рысах. Так, Аляксандр Кук ведаў пра Яўгена Мігеля тое, што апошні жыў у сваёй аднапакаёўцы адзін, хаця іншым разам да яго заходзіла жанчына сярэдніх гадоў, шэрая і непрыкметная, што Мігелю за сорак, ён калісьці трапіў у аўтамабільную аварыю і меў ці мае праблемы са здароўем, нават ляжаў у стацыянары. З жонкай быў разведзены, а адзін сын ад іх шлюбу першы год служыў у арміі. У сваю чаргу Мігель мог ведаць ці ведаў пра Кука тое, што ён сямейны чалавек, лысаваты, сярэдняга веку, мажны, мае дваіх дзяцей, працуе служачым і жыве ў кватэры насупраць.

Дык вось Кук зайшоў да суседа а другой палове дня, пасля работы. Мігель, хударлявы і цёмнавалосы, сустрэў яго ў дзвярах і, нібы апраўдваючыся, патлумачыў, што нечакана задрамаў на канапе, бо нядаўна вярнуўся з начнога дзяжурства. Кук папрасіў прабачэння і сказаў, што мусіць вярнуцца да сябе, але Мігель яго затрымаў.

— Справа ў тым, — патлумачыў суседу, — што я днём сплю мала і звычайна дваццаць-трыццаць хвілін, што ў дастатковай ступені дазваляе мне аднавіць сілы.

— Але ж сон павінен быць працяглым і, як я ведаю, прайсці некалькі фаз, каб быць паўнавартасным, — заўважыў Кук, прысеўшы на прапанаванае гаспадаром крэсла.

— Так, — ахвотна згадзіўся Мігель, — але ў мяне пасля аварыі з’явіліся некаторыя, так бы мовіць, адхіленні ў гэтым працэсе, што памяняла характар майго жыцця і працы. І далей Мігель паведаміў суседу, што ён адчувае патрэ­бу прытрымлівацца прыродных біярытмаў і таму выбраў сабе працу, звязаную з начнымі дзяжурствамі і якая ў сувязі з гэтым лепш аплачваецца.

— Так, так, — сказаў Кук, — ёсць людзі, якія мала спяць, і таму, пэўна, заўсёды ў выйгрышы, а мне, напрыклад, трэба спаць каля васьмі гадзін у суткі, і шкада — бо трэць жыцця чалавек ляжыць на ложку ў своеасаблівай непрытомнасці, — вочы блукаюць у розныя бакі, нібы ў вар’ята, безабаронны, а мазгі працуюць дарэмна, узнаўляючы неакрэсленыя малюнкі падзей, якія не існуюць у рэальнасці. І далей Кук, памаўчаўшы, пацікавіўся, ці бачыць сны яго субяседнік, бо той, па яго словах, спіць так мала.

— І вельмі яркія і запамінальныя, — ветліва патлумачыў гаспадар кватэры. — Хоць і бываюць нявартасныя, а то і зусім не істотныя, ну вось як, прыкладам, дзесяць хвілін таму, калі я прыснуў на гэтай канапе.

— І што ж вам прыснілася? — далікатна спытаў госць. — Вы запомнілі?

— А-а, дробязь, абы-што. Быццам я зайшоў у крамку «сэканд» — ну, што пад намі, у падвале нашага дзевяціпавярховіка, вы ж, пэўна, ведаеце, можа, нават і заходзілі, і разглядаў там рознае адзенне, а потым зняў з вешалкі ношаную скураную куртку і пачаў яе мераць у кабіне. Адчуваю — за падкладкай нешта быццам захрусцела. Ну, я распорваю сцізорыкам, акуратна так, а там цэлафанавы пакецік, а ў ім... брыдота, тараканы, якія адразу пачалі разбягацца...