Читать «Пакупнік сноў» онлайн - страница 6

Юры Станкевіч

— Раскажыце пра мышэй, — у ветлівай форме адразу запатрабаваў Кук.

— Мне саснілася быццам нейкая гульнявая пляцоўка, — пасля паўзы пачаў расказваць Мігель, — дзе было шмат зацікаўленых людзей, якія рабілі стаўкі на нейкія скачкі. З шуфлядак выпускалі жукоў, якія беглі па доўгіх латках.

— Так, так, — наструніўся Кук. — І што?

— Ды нічога асаблівага. З адной шуфлядкі замест жука выбегла мыш і, вядома, апярэдзіла ўсіх. Хіба не лухта?

— Я купляю ў вас гэты сон.

Кук схадзіў да сябе і прынёс каньяк, які абодва субяседнікі і распілі пад ажыўленую, хоць і малазначную гутарку.

У сябе дома Кук пачаў аналізаваць сон Мігеля з усіх бакоў, бо, як ён добра памятаў і засвоіў, кожны сон важны сваім вытлумачэннем. Скачкі, меркаваў ён, адбываюцца толькі на іпадроме. Робяць стаўкі яшчэ і ў казіно, але ў казіно — рулетка, і гэта зусім не тое. Вядома, жукі — гэта вобраз, праекцыя ў сапраўдную рэальнасць. А мыш? Мышы, як Кук даведаўся з сонніка, — да беднасці. Дык чаму перамагла мыш?

***

Назаўтра быў выхадны дзень, і Кук паехаў на іпадром. Ён раней наведваў яго разы два, але больш з цікаўнасці, бо не быў заўзятым гульцом. Набыўшы білет і праграму скачак, Кук пачаў уважліва яе вывучаць. Ягоныя намаганні ўрэшце прынеслі відавочны плён. Шэрая мыш! У трэцім заездзе прымала ўдзел кабыла па мянушцы Шэрая Мыш. Яна выступала пад нумарам дванаццаць. Кук скіраваў у букмекерскую і даведаўся, што стаўкі на Шэрую Мыш прымаюцца адзін да дзесяці, пасля чаго, падумаўшы, паставіў на дванаццаты нумар пяцьсот долараў.

Каб дарэмна не хвалявацца, пайшоў у бар, дзе заказаў сабе піва, адначасова слухаючы абвесткі па мясцовым радыё.

Шэрая Мыш выйграла заезд.

Адвячоркам, збольшага сабраўшыся, Кук патэлефанаваў Мігелю і спытаў, ці мае той крыху вольнага часу. Сусед адказаў, што да начнога дзяжурства такі час якраз ёсць, ён адзін, і запрасіў зайсці.

Кук захапіў з сабой бутэльку каньяку і пакрочыў праз лесвічную пляцоўку.

— Паслухайце, — пачаў здалёк гаспадар, калі абодва ўжо селі, як звычайна, за стол на кухні, — я нейкі час думаў над тым, што вы мне расказвалі пра сон. Дык вось: сон — гэта поўнае адключэнне свядомасці, ну, быццам адключаюць камп’ютэр. Ці, наадварот, у сне чалавечы мозг поўнасцю прачынаецца, і энергаабмен дасягае мяжы высокіх велічынь. У першым выпадку — пасля сну наша, так бы мовіць, «я» перажывае своеасаблівую смерць і з’яўляецца ўжо ягонай копіяй. Хіба не так? А ў другім? Неўролагі цяпер сведчаць якраз тое, што мозг у сне працуе звышэфектыўна. Тады вынікае: ён сапраўды праломвае бар’еры часу і прасторы. Дык што такое ў гэтым выпадку наша «я», наша свядомасць? І час? І прастора?

— Ёсць пытанні, на якія, пакуль не толькі я, звычайны чалавек, можна сказаць, невук, не здолее адказаць, а ўвогуле — ніхто, — пасля роздуму сказаў Кук і дадаў:

— Вы прадасце мне свой чарговы сон? Пажадана, сённяшні?

— Зрабіце ласку. Але ён неістотны і наўрад ці вас зацікавіць.

— Ну, не важна, — падахвоціў Кук.