Читать «Прытча пра жука-чарнацёлку» онлайн - страница 3

Юры Станкевіч

Падследны Крэз узняў галаву і наструніўся.

— Дык вось, — працягваў следчы, — некалькі год таму вы пазнаёміліся з вашай нарачонай. Закахаліся ў яе. Але ў вас не было матэрыяльнай падставы, грошай, каб пачаць сумеснае жыццё. А між тым мякка і непрыкметна ваша нявеста пачала схіляць вас, каб вы дастаткова забяспечылі сябе і яе: набылі тое, што маюць іншыя паспяховыя людзі: кватэру ў цэнтры горада, аўтамабіль, лецішча каля вады. Толькі вось як? І вы, які вельмі не любіць вялікай вады (так ці не?) — іду ў заклад, што так, завербаваліся ў плаванне. Плаваючы далёка за мяжой, зараблялі неблагія на той час грошы. Прыкладна ў той жа час памерла ваша маці, і вы, узяўшы кароткатэрміновы адпачынак, прадалі яе кватэру і даволі выгадна частку грошай патрацілі на новую кватэру ў цэнтры, аформілі яе на вашу нявесту, вы ж бязмерна давяралі ёй, астатнія пакінулі ёй жа і зноў пайшлі ў плаванне. Усе свае заробкі дасылалі нарачонай. Але вось вы неўзабаве вярнуліся. Толькі на гэты раз на месяц раней. Пэўна, адчувалі нешта неасэнсаванае, нейкую трывогу, пагрозу. Хіба не так? Вы ж нават не паведамілі сваёй нявесце пра тое, што накіроўваецеся дамоў? Хацелі зрабіць ёй прыемны сюрпрыз?

І вось вы дома. Раніца. Уваходзіце ў пад’езд, падымаецеся па лесвіцы. Ключ пры вас. Адчыняеце дзверы і ціхенька ўваходзіце. Тое, што бачыце, прымушае насцярожыцца. Паўсюдна мужчынская вопратка ўперамешку з жаночай. Чамаданы, сумкі. На стале — білеты на самалёт. Тут жа і дакументы. Яго зваць Ашот. Кватэра ўжо праданая, заўтра яны высяляюцца і вылятаюць на яго радзіму. Вы па-ранейшаму бязгучна ідзяце да спальні, прыадчыняеце дзверы і бачыце ў ложку абаіх. Яны спяць. Той, каго завуць Ашот, — невялікі, жукаваты, увесь парослы чорнай шчэццю, вам нават становіцца чамусьці крыўдна і агідна. Вы адступаеце на кухню і вяртаецеся з нажом. Далей ужо банальна: ідзе разборка і яе наступствы. У арміі вы навучыліся выдатна валодаць халоднай зброяй, нож і ў плаванні быў для вас асноўным інструментам. Так? Гаварыце!

Следчы Локас змоўк у чаканні.

— У мяне алібі. Я вярнуўся значна пазней.

— Вось як? А калі вас нехта бачыў менавіта ў той дзень?

— Не бярыце на понт, — сказаў падследны Крэз, але з ледзь улоўнай ноткай трывогі. — У вас, дарэчы, шалёная фантазія.

— Я даю вам хвіліну, — патрабаваў следчы Локас. — Пачнём гаварыць праўду?

Ён утаропіўся ў зняволенага і змоўк у чаканні.

— А вось вы — вы хацелі б пражыць сваё адзінае жыццё, а запаснога ж — няма, у якасці жука-чарнацёлкі? — замест адказу спытаў падследны Крэз.

— Хоць я і не ў праве адказваць на вашы пытанні, але адкажу. Вядома, не. Але ж вы вінаватыя не ў гэтым, а ў тым, што парушылі закон.

— Дакажыце.

— І вельмі хутка. Але я даю вам шанц.

— Гэта вы пра чыстасардэчнае прызнанне? Не, грамадзянін начальнік, на лоха вы мяне не развядзеце.

— Што ж, угаворваць — не мая справа. Да сустрэчы.

— Бывайце.

Следчы Локас націснуў кнопку, і падследнага павялі ў камеру.

Застаўшыся адзін, следчы Локас доўга сядзеў за сталом, зрэдку адказваў на тэлефонныя званкі і думаў. У рэшце рэшт ён упершыню аказаўся перад дылемай: знізіць вартасць жыцця чалавека, які толькі што сядзеў перад ім, амаль да нуля ці, нааадварот, даць яму надзею. Жук-чарнацёлка. Следчы раптам уявіў сябе ў такой жа сітуацыі і адчуў непрыемную трывогу на душы і няўпэўненасць. Ён, як і яго падследны, таксама быў малады, сустракаўся з дзяўчынай і неўзабаве таксама збіраўся ажаніцца. Але, меркаваў ён, ці можна быць упэўненым у тым, што так хістка і ненадзейна ў рэальнасці навокал яго, дзе ўсё таксама адносна, як і мараль?