Читать «Прытча пра жука-чарнацёлку» онлайн - страница 2

Юры Станкевіч

— Што наадварот? — умяшаўся следчы Локас, — няшчасце ў тым, каб быць, ці шчасце ў тым, каб не быць?

— Ваша пытанне не пазбаўлена сэнсу. Хоць, мяркую, тут — што пнём аб саву, што савой аб пень — адзін капыл. Але ж прасочым за нашым героем, жуком-чарнацёлкай. Ён быў рабацяга, кемлівы, старанны, у тэрмін клапаціўся, каб пераседзець небяспеку, не надта высоўваўся днём, каб не здзяўбла якая птушка, вось толькі не любіў вялікай вады. Аднойчы, па жыцці, сутыкнуўся з лічынкай, якую ён, шчыры ідэаліст, наблізіў да сябе, не ведаючы, што гэта лічынка чарвяка-валасаціка. Жук-чарнацёлка працягваў свае звычайныя заняткі, а ў гэты ж час у ім, у яго целе абудзілася іншае, драпежнае жыццё. Лічынка пачала паволі расці і развівацца, карыстаючыся жыццёвай энергіяй і сокамі свайго гаспадара. Часам жук-чарнацёлка цьмяна адчуваў пэўны дыскамфорт, неасэнсаваную трывогу, слабасць, якія паступова павялічваліся, але працягваў ва ўсё большай колькасці здабываць ежу і больш адпачываць, каб аднаўляць сілы. Жук-чарнацёлка баяўся вады: гэта было закладзена ў ім генамі шматлікіх папярэднікаў. Вільгаць у якой зацені, раса на траве цалкам задавальнялі яго патрэбы. Але з часам нашага героя пачынала ўсё больш апаноўваць неасэнсаванае, цьмянае жаданне: знайсці вадаём. І вось жук-чарнацёлка, якога падганяе нейкі глыбока прыхаваны інстынкт, аднойчы адпраўляецца ў свой шлях. Шмат перашкод пераадольвае ён: небяспеку збоку птушак, у якіх самы моцны зрок, ямы і камяні, мінуе ногі людзей, колы машын і конскія капыты, якія ў любую хвіліну могуць пазбавіць яго жыцця, і ўрэшце дасягае вялікай вады. Жук замірае перад ёй у жахлівай трывозе. Нешта супраціўляецца таму, што павінна адбыцца, але ў той жа час нешта іншае ўнутры штурхае яго наперад. Адчуваючы гэты нецярплівы покліч, жук-чарнацёлка па сцябліне спускаецца на дно вадаёма: яму немагчыма без паветра, вада сціскае з усіх бакоў і з вышыні, але ён апантана паўзе ўніз, пакуль не дасягае дна. Смяротная туга раптам авалодвае ім. І вось тут з яго цела і выходзіць валасацік: да дваццаці пяці сантыметраў даўжынёй, тонкі, жвавы. Ён у сваёй стыхіі і з лёгкасцю пакідае свайго прамежкавага часовага гаспадара. А жук-чарнацёлка, наіўны працаголік, які ўсё сваё жыццё пражыў дзеля карысці ворага, адразу гіне.

— Павучальная прытча, — сказаў следчы Локас. — Вы калісьці вучыліся на бібліятэчным факультэце. Прыгожа расказалі. Ну і што з таго?

Падследны Крэз змрочна зірнуў на яго.

— Часам адбываецца так, што неблагі, шчыры і няхітры чалавек ахвяруе сваім жыццём дзеля цынічнага падлюгі, нават не падазраючы пра гэта. Такімі ахвярамі, да слова, могуць быць не толькі жукі, жывёлы, але і людзі, і нават цэлыя народы. Урэшце, гэта мая думка, так бы мовіць, сваёй гадоўлі.

Абодва змоўклі. Следчы Локас злёгку пастукваў пальцамі па стале, абдумваючы пачутае.

— Я з цікавасцю вас праслухаў, і ў мяне дастаткова мазгоў, каб уехаць ва ўсю гэтую вашу алегорыю, — праз паўзу адзначыў ён. — А цяпер, вярнуўшыся ад жука да нашых баранаў, праслухайце маю версію таго, як усё адбылося, — і я маю дастаткова доказаў, што яна адзіная і сапраўдная.