Читать «Прытча пра жука-чарнацёлку» онлайн
Юры Станкевіч
ЮРЫ СТАНКЕВІЧ
ПРЫТЧА ПРА ЖУКА-ЧАРНАЦЁЛКУ
Малады следчы па прозвішчы Локас адамкнуў дзверы ў свой кабінет і адразу адчыніў фортку: у другім крыле будынка знаходзіўся ізалятар, ад чаго ў памяшканні не выводзіўся характэрны пах. Следчы Локас быў даволі высокі, светлавалосы, са звычайнымі абрысамі твару, уласцівымі для жыхароў паўночных раёнаў: шэрымі вачыма, прамым носам і пухлымі губамі падлетка.
Ён выцягнуў з сейфа і пагартаў папку з чарговай справай, з якой апошнім часам разбіраўся, і ўрэшце папрасіў прывесці да сябе падследнага.
Увялі. Следчы Локас бачыў яго ўжо ў трэці раз і адзначыў, што знешні выгляд таго змяніўся не ў лепшы бок: пад вачыма зняволенага з’явіліся цёмныя кругі, а выцягнуты, гарбаносы твар схуднеў і завастрыўся. Падследны тым не менш не хаваў вочы і быў знешне даволі спакойны.
Следчы Локас паказаў зняволенаму куды сесці — урэшце той і сам ведаў гэта.
— Вы — грамадзянін Крэз? Так?
— Так.
— Як я вам ужо гаварыў раней, вы абвінавачваецеся ў забойстве сваёй былой нарачонай і яе сужыцеля, грамадзяніна іншай рэспублікі — таму і затрыманы. Вы прызнаяцеся ў злачынстве? Раскажыце, як усё было, і мы не будзем гуляць у хованкі, прызначым следчы эксперымент, аформім усё як ёсць і перададзім вашу справу ў суд. Ваша шчырае, чыстасардэчнае прызнанне аблегчыць вам ступень пакарання.
Падследны Крэз уважліва выслухаў следчага. Некалькі доўгіх секунд ён абдумваў адказ, а потым сказаў:
— Я па-свойму давяду вам нібыта ўсё як было, але заўважце — нібыта. Можа, было, а можа, і не. А накшталт таго, што я забойца, то вам яшчэ трэба гэта даказаць.
— Дакажам, — сказаў следчы Локас.
— Старайцеся! — падследны Крэз красамоўна паціснуў плячыма.
— Ну і як, па-вашаму, нібыта было? — праз паўзу спытаў следчы Локас.
Падследны ўсміхнуўся, нават з сарказмам.
— Вы, пэўна, ведаеце пра тое, што такое прамежкавы гаспадар? — нечакана спытаў ён.
Следчы Локас неўразумела ўзняў бровы.
— Тут пытанні задаю я, — удакладніў ён, але з ноткай здзіўлення.
— Згода, згода.
— Урэшце, працягвайце. Што вы падразумяваеце пад тэрмінам прамежкавы гаспадар?
— Ёсць такая навука — біялогія. Дык вось адзін са шматлікіх яе раздзелаў сведчыць: паразіты не толькі прыстасаваліся выкарыстоўваць цела гаспадара як крыніцу харчавання і дабрабыту, але і авалодалі тэхнікай змены стэрэатыпа яго (цела) паводзін у сваіх карысных інтарэсах.
— Ну і што? — спытаў следчы Локас.
— Дык вось цяпер паслухайце кароткую прытчу на канкрэтным, так бы мовіць, прыкладзе.
— А бліжэй да справы нельга? — пацікавіўся следчы.
— Куды ўжо бліжэй! Але слухайце ўважліва. Жыў-быў адзін, ну, скажам, жук-чарнацёлка. Дарэчы, у нас (я маю на ўвазе нашу краіну) іх каля дваццаці відаў. Пэўна, і вы іх часта сустракалі, ды толькі не звярталі асаблівай увагі: пад якой-небудзь калодай, у склепе ці на агародзе. Такі чорны, бліскучы жук-рабацяга. Дык вось наш жук-чарнацёлка нарадзіўся і вырас у звычайным для сябе асяроддзі. Ён рана пазбавіўся сваіх бацькоў і адразу стаў самастойным. Жыццё між тым не вельмі прывабная рэч, хоць той-сёй шчаслівец і сцвярджае, што самае галоўнае шчасце ў тым — каб ... быць. А калі наадварот?