Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 187
Miкола Гіль
— Ты ў мяне з зубоў вырваў! Я ўжо каторы год мару: сабрацца б усім разам, аднагодкам альхоўскім, усім-усім, з жонкамі, з дзецьмі... Прызначыць бы дзень загадзя, за месяц, а то і за паўгода наперад, сазваніцца, спісацца, каб кожны мог у той дзень вырвацца, ці адпрасіцца з работы, ці адгул узяць і прыехаць. Можа, на свята якое, на Май ці Дзень Перамогі, вызвалення... Я ўжо і гаварыў з тым-сім, каго сустракаў. Усе быццам «за», а як да дзела, дык і...
Мішка таксама загарэўся:
— Давай з табой возьмемся. Сустрэнемся як-небудзь, у мяне ці ў цябе, прыкінем, дзе хто, з кім сазвонімся, са сваякамі звяжамся, чыйго адраса не ведаем... Колькі нас набярэцца, равеснікаў? Чалавек дваццаць пяць? Адзін вечар пасядзім і ўсіхнія адрасы здабудзем. Давай?
— Давай! Я ўсёй душой — за,— ахвотна згадзіўся я.— Вось табе мой тэлефон, звані. Вечарамі я звычайна дома. Будзе вольны вечар — звані і прыходзь.
— Альбо ты да мяне,— Мішка ляпнуў мяне па плячы.— У мяне тэлефона дома няма, павінны скора паставіць — я ж, зямляча, кватэру новую атрымаў, забыўся пахваліцца,— а на рабоце тэлефон ёсць, на маім стале стаіць, так што таксама звані.
— Згода,— кіўнуў я.
— Ну, то і добра,— сказаў Мішка.— Значыцца, дамовіліся, зямляча. Усё ясненька. А цяпер — давай лапу, будзь здароў і не кашляй! Прывітанне жонцы!
— Будзь і ты,— адказаў я.
І мы разышліся.
Ішоў я і са шчырай, здавалася б, радасцю думаў пра гэтага самага Мішку Жызневіча, па мянушцы Саламянка, пра тое, што вось жа, аказваецца, не толькі я, але і ён думае гэтак жа, што і ў яго душы жыве сум пa Альхоўцы, што цягне і яго туды салодкі, хоць і не надта, бадай, усвядомлены, покліч, што і ён, несумненна, быў рады сустрэчы са мною, як я зусім шчыра быў рады пабачыць яго, што і ўва мне і ў ім, аказваецца, адначасова трымціць думка-мара сабраць там, у Альхоўцы, усіх нашых равеснікаў-аднагодкаў, сабраць іх сённяшніх, разам з жонкамі, дзецьмі і ўнукамі (ужо і з унукамі!)...
Думаў пра ўсё гэта і ўжо ўяўляў, як будзем прыязджаць у прызначаны дзень туды, у Альхоўку, хутчэй за ўсё на паляну ў Баранаўскім лесе, як пасядзім там, пагамонім, успомнім маленства і юнацтва, мо нават паспяваем, паслухаем дзяцей нашых — яны могуць спецыяльна падрыхтаваць нам, татам і мамам, канцэрцік, пасля сходзім на могілкі, у адведкі да бацькоў і дзядоў, да альхоўскіх дзядзькоў і цётак, былых суседзяў і аднавяскоўцаў, якія адышлі ў нябыт, але якія ўсё яшчэ жывуць у нас, у нашай памяці; потым пакажам жонкам і дзецям наваколле, мясціны, дзе мы спазнавалі свет і сябе ў гэтым свеце, пакажам куток роднай зямлі, дзе мы былі юныя, маладыя, а значыць, і лепшыя — чэсныя, даверлівыя, добрыя, незайздросныя, справядлівыя, дзе нашымі настаўнікамі былі не толькі пасляваенная нястача, нішчымніца, голад, але і людская дабрыня, спагада, ласка...
Мы абавязкова, думаў я, збяромся. Збяромся ўсе. Пра Колю Ладуцьку і Віцьку Шапялевіча клопату няма — яны, двое, толькі і засталіся ў Альхоўцы, пажаніліся, пабудаваліся, гадуюць дзяцей, працуюць — адзін шафёрам, другі на ферме, разам з жонкай, каторы ўжо год даглядае цялят. Найбольш нашых, вядома, прыедзе з Мінска — Веня Вайтовіч, інжынер радыёзавода, Іван Лявіцкі — ён ці не трыццаць гадоў токарам на трактарным, Генусь Фурс — ён, хто б мог паверыць, аціраецца недзе ў гандлі, Саша Шалак — інжынер-будаўнік, Толік Тарлецкі — слесар-рамонтнік халадзільнікаў, Слаўка Барэйка — таксіст, Мішка і, само сабой, я. З Ліды прыедзе Лёўка Маркевіч — архітэктар ці то землеўпарадчык, з Ленінграда — дыспетчар аэрапорта Пеця Вершаль...