Читать «Кім і Валерыя» онлайн - страница 185

Miкола Гіль

Я заўсёды рады сустрэць у горадзе земляка. Мільгане на вуліцы, у тралейбусе, у магазіне, а цяпер ужо і ў метро знаёмае, роднае з маленства, хоць, праўда, ужо трошкі і змененае часам аблічча, і адразу ж агорне цябе цёплая радасць, усплыве шчымліва-вабная згадка з колішніх, лепшых і святлейшых, бо маладых, гадоў, і ты памкнешся насустрач земляку, як на спатканне з тым дарагім і незабыўным, што носіш, зберагаеш у душы праз леты і зімы. Памкнешся з салодкім спадзяваннем пабачыць, пачуць, успомніць тое, што табе быццам даўно ўжо карцела пабачыць, пачуць, успомніць.

Так думаецца.

Ды, на жаль, часцей здараецца так, што сустрэнешся, парукаешся, папытаешся пра сёе-тое і... пачынаеш з ніякаватасцю пераступаць з нагі на нагу, муляцца і бянтэжыцца,— бо раптам пабачыш, адчуеш, што зямляк твой некуды спяшаецца, што не вельмі рады ён гэтай нечаканай стрэчы, што там, дома, гэта значыць, у роднай вёсцы, ён даўно не быў, нават не памятае калі, і таму не можа задаволіць тваёй прагнай цікаўнасці, што там і як, і ты, на хаду прыдумаўшы якуюсьці больш-менш прыстойную прычыну, таксама заспяшаешся і развітаешся. Аказваецца, змянілі яго (ды і цябе таксама) гады, павялі зусім па розных дарогах, і ўжо мала чаго засталося з таго, што калісьці яднала, павязвала яго і цябе, і праз гэта яшчэ больш ніякавата зробіцца табе.

Ды ніякаватасць тая хутка мінаецца, забываецца, і неўзабаве ты зноў аднойчы ўбачыш у натоўпе, у вірлівым людскім патоку роднае, дарагое аблічча, і зноў з колішнім, непераходным хваляваннем памкнешся насустрач...

Абрадаваўся я стрэчы і з Мішкам Жызневічам, з Мішкам, вядома, а не з Міхасём Рыгоравічам. Хай недзе там будзе ён Міхасём Рыгоравічам, на здароўе, як кажуць, а для мяне больш звычнае, больш роднае, амаль сваяцкае імя — Мішка. Не бачыліся мы даўнавата, не гаварылі яшчэ даўней, а калісьці ж разам не толькі вучыліся ў нашай Альхоўскай сямігодцы, але і свіней разам пасвілі, і кароў паранкі ганялі, і ў грыбы бегалі, і ў вайну на аселіцы гулялі, і ў пікара на крыжавых дарогах рэзаліся. Сябрук маленства, што ні кажы! На добры лад дык і абняцца б не грэх. Ды толькі адвыклі мы, развучыліся, ужо чамусьці нават саромеемся праяўляць свае натуральныя эмоцыі адкрыта, прызвычаіліся ўсё рабіць неяк быццам з аглядкаю, з прыкідкаю на некага, каб было культурна, як у людзей, а не, крый божа, па-вясковаму! А як жа! Нашы мацяркі і бацькі дзеля гэтага ж і гналі нас у гарады. Ну, можа, не толькі дзеля гэтага, аднак жа з надзеяй, што там мы выйдзем у «людзі», адвыкнем, забудземся на ўсе гэтыя выбрыкі вясковага ідыятызму...

Вось так і мы з Мішкам — не абняліся, не пацалаваліся. Адно, як я ўжо казаў, парукаліся.

— Дык і куды ківаемся? — паўтарыў Мішка сваё ранейшае пытанне.— Куды бяжым-спяшаемся?

— Ехаў дахаты ды ўспомніў, што ў аптэку трэба, вось вылез з тралейбуса і іду,— адказаў я шчыра, нічога не прыдумляючы і праз гэта як чагосьці саромеючыся.

Мішка на гэта нечакана вельмі ж паразумела заківаў галавою: