Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 48
Анатоль Крэйдзіч
— То хадзі... Хадзі, Зосечка, у хату.
— Го, не толькі зайду, але i чарку з цябе здзяру. Покуль не нальеш, не аддам грошай. Як сабе хочаш.
— Ці ж я шкадавала калі, Зосечка,— Агатка прапусціла ў хату няўрымслівую госцю.— Садзіся во ў куточку, я зараз.
— Калі б ты шкадавала, я б i не гаварыла так.
На стале з'янілася бутэлька «Белай вежы», сала, кіслая капуста... А Зоська пачала адлічваць грошы, быццам бы раскідвала з калоды карты.
— Во, роўна семдзесят дзве тысячы. Трыццаць шасць зайчыкамі i трыццаць шэсць — рускімі.
— Не можа быць, каб столькі...
— Можа. Гэта ж зa чатыры месяцы. А за апошні ўжо ідзе падвоеная.
— Тады давай, Зоська, замочым...
Жанчыны пілі, а грошы ляжалі пасярод стала i радавалі вока. Грошы ляжалі, а жанчыны гаманілі i гаманілі: пра долю сваю гаротную, пра дзяцей, для якіх бацькі — не бацькі, а торба з грашыма.
— Думаеш, шкада мне таго рубля дзецям даць. Не. Крыўдна толькі, што слова добрага ад ix не пачую. Толькі папрокі ды «дай, дай, дай...». Ці то свет такі стаў, ці толькі маё гэткае ўрадзілася?
— Свет сёння такі, мілая. Мае, думаеш, іншыя. Як прыедуць, дык вачыма, здаецца, усю хату абабралі б. Грабуць, грабуць i ўсё мала ім. Але я не такая дурная, як ты. Го, я ім голымі рукамі не дамся. Ніколі не прызнаюся, колькі ў мяне грошай. Прыкінуся, што апошняга «зубрыка» ад сэрца адрываю, i бывайце здаровы. Няблага i так жывуць.
— Вось-вось, што жывуць занадта ўжо прыгожа. Але за што ж яны да нас такія халодныя? Не па-людску робяць, сэрцам чую, што не па-людску. Во i зараз прыехалі, дык ні табе «здрасця», ні «да свідання», а з пapoгa хутчэй: «Пенсію атрымала?»
— Ведаеш, што скажу табе? Не кажы сваім, як прыпруцца, што пенсію атрымала. Ім нашыя грошы пагоды не зробяць, толькі разбэшчваюць, а для нас яны — добрая падтрымка. Ды і, Сцяпанаўна, хопіць прыніжацца, даніну плаціць.
— Яно так, Зосечка. Толькі з кім жа яшчэ падзялюся радасцю сваёй. Я ж не ўтрываю. Гэта ж столькі грошай. Ніколі ў мяне гэтулькі не было. Няўжо ж ад дзяцей радасць сваю хаваць.
— Дурнаватая ты, Агатка. Ідзі тады ўжо да суседзяў. Да Мар'ечыхі ці да Камарыхі. Пахваліся ім, адвядзі душу.
* * *
Калі Агатка пасля абеду вярнулася з магазіна, дачка з сям'ёй ужо шнырылі па хаце. Значыць, прыехалі з рэйду свайго закупачнага. Рытка даставала з вялізных, як прорва, сумак усялякія анучы: цэлыя
скруткі шкарпэтак, трусікаў, пар дзесяць вастраносых карычневых туфляў, сарочкі, куртку, паліто...
— Гэта табе будзе, чуеш, Коля? Гэта, Саша, табе. Гэта Віцю. Гэта i вось гэта мне, а гэта...
Агатка зірнула на цёплыя дабротныя боты і падумала: «Зараз прапануе ix мне. Бач, а я, зараза такая, схавала ад ix грошы». I старая палахліва зірнула на шафу, у якой тыя грошы ляжалі: «Раптам знайшлі?» Там i праўда ўсё было перакладзена з месца на месца. Але тут Агатка ўспомніла, што перахавала тысячы ў панчоху, якую запхнула пад матрац. «Якая ж я ўсё-ткі нядобрая». I твар яе заліўся чырванню.
Але боты ёй прапаноўваць ніхто не збіраўся.
— ...А гэта ўсё на продаж,— махнула рукою дачка на астатні тавар. I дадала:— От, калі б у цябе, мама, былі грошы, мы б дыван яшчэ купілі. Ну такі ўжо прыгожы дыван выгледзелі. I ўсяго пяцьдзесят тысяч каштуе.