Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 19
Анатоль Крэйдзіч
— Калі ты не супраць, я дам табе параду. — Я сапраўды шчыра хацеў дапамагчы хлопцу. — Мне здаецца, што табе лепш за ўсё было б даехаць да Лунінца, зайсці ў міліцыю і там расказаць усё, што ты расказаў мне. І папрасіць у іх дапамогі. Думаю, цябе ўсё ж зразумеюць. А з былымі сябрамі табе лепш не бачыцца зусім.
— Не-е. Да мянтоў не пайду. Хопіць з мяне іхняй дапамогі.
— Ты не спяшайся. Я табе пра сябе раскажу.
І я пачаў расказваць яму гісторыю, якую пачуў ад свайго добрага знаёмага. Дакладней, прысвоіў тое, што здарылася з ім у юнацтве. Плёў, быццам ездзіў некалі ў Карэлію паступаць у мараходку. Там па нейкай прычыне не прынялі. Але адступацца не хацеў і дахаты не вяртаўся. Жыў на вакзале. Без капейкі ў кішэні. Згаладаўся. Толькі ваду з-пад крана хлабыстаў.
— Дык вось, — працягваў я, — аднойчы падыходзіць да мяне барыга, а з ім яшчэ чалавек пяць. Той барыга стары быў, увесь у татуіроўках. Давай грошы, кажа. Расказаў я ім, што сам тыдзень галадаю. Тады яны адышлі і праз якія паўгадзіны вярнуліся з пончыкамі, катлетамі... Віна налілі. Захмялеўшы ад ста грамаў, я заладзіў: мужыкі, паеду з вамі, куды вы, туды і я. Тады стары (ён быў за пахана) сказаў: «Калі пойдзеш з намі — загубіш сабе жыццё. Ідзі лепш у міліцыю, раскажы там усё, скажы, што прыехаў з Беларусі, і ўсё ўладзіцца». На развітанне ж ён паклаў мне ў руку дваццацьпятку. Я зрабіў так, як параіў барыга. І праўда, як у ваду глядзеў ён, спраўдзіліся ягоныя словы. Так што...
— Вой, мне пара, — схамянуўся хлопец.
Цягнік прыцішваў хаду. За акном праплыў, міргнуўшы жоўтымі вочкамі-вокнамі, будыначак вясковай станцыі.
— Ты ж да Баранавіч...
— Ды ну іх. Кантралёр наскочыць, а ў мяне грошай на штраф няма.
— Я як жа ты... Я дам табе грошы.
— Не трэба. Ён ужо адчыняў дзверы. Але раптам вярнуўся, падаў руку. — Дзякуй табе, чувак. Бывай.
Колькі хвілін пастаяўшы ля акна і паназіраўшы, як аддаляецца ў сіратлівым святле адзінокага вулічнага ліхтара цёмна-зялёная спартыўная шапачка над згорбленымі плячыма, я рушыў да дзвярэй. Мне карцела расказаць хутчэй пра выпадковую, але ў нечым сімвалічную гутарку з хлопцам, сваім спадарожнікам. Толькі не паспеў я раскрыць рот, як Васіль астудзіў мяне:
— Чулі, чулі мы ўсё. Можаш не расказваць. Ты з ім выпадкова не цалаваўся, добрая твая душа? А можа, і праўда нядрэнны быў, хто яго там разбярэ, — сказаў быццам пра нябожчыка.
— Правер кішэні. Ён у цябе нічога не спёр? — у голасе Толіка была іронія.
Гэтая абыякавасць здзівіла мяне і збянтэжыла. Гаварыць адразу ж перахацелася. Я падняўся і выйшаў у халодны грукатлівы тамбур. За брудным шклом дзвярэй праплывалі зацягнутыя цёмна-сіняю сеткаю вечара тэлеграфныя слупы, рэдкія дрэвы, светлячкі далёкіх паселішчаў.
З гэтага моманту мне ненавісным стала Толікава шуканне сэнсу жыцця. То было не сапраўднае шуканне, а ўсяго толькі шырма, за якою цёпла і ўтульна жывецца. Ненавідзеў я і Васілёву грубую прастакаватасць. Відаць, і гэта таксама шырма, абалонка, за якою можна жыць у адноснай бяспецы. Заставалася толькі згадзіцца з невядомым аўтарам, у якога некалі прачытаў: «сумленнасць і велікадушша і праўда церпяць урон ад развіцця разумення каштоўнасці жыцця і ўласнасці». Церпяць жа. А ці добра гэта, ці так павінна быць, хто вызначыць? Пакуль будзем думаць, той зусім юны небарака павісне на суку ў якім-небудзь лясочку паміж Пінскам і Лунінцом. І мы спішам гэта на лёс.