Читать «Права на ўсмешку» онлайн - страница 18

Анатоль Крэйдзіч

— Шчэ адну дай, калі не жадзён. — Ён нахіліўся, і на мяне патыхнула перагарам.

Я працягнуў яму яшчэ тры цыгарэты.

— Не. Што ты. Дзве хопіць.

— Бяры-бяры, у мяне многа, — усміхаючыся, я падумаў, што новы знаёмы не такі ўжо і дзялок, якога выпінае з сябе.

— Слухай, а ты мне білет свой не пазычыш? Далёка едзеш?

— Да Менска.

— То пазыч. Я ў Баранавічах выскачу, а білет вярну.

— О-о-о, брат, у такую далячынь выбраўся, а білет у касе не ўзяў...

— Разумееш, я не збіраўся нікуды ехаць. Ускочыў у першы ж цягнік, які трапіўся на вочы.

Хлопец усеўся побач са мною, чыркнуў запалкай. Закашляўся і колькі разоў плюнуў сабе пад ногі:

— У Пінску больш не з'яўлюся. Сучары, яны, пэўна ж, хацелі падставіць мяне, толькі я не такі дурны, каб не заўважыць гэтага.

Ён зноў плюнуў, толькі ўжо не на падлогу, а перад сабою.

— Ведаеш, мой стары — мент, маёр міліцыі. Я яго цярпець не магу. Мусар паганы. Сёння ён прагнаў мяне з хаты і сказаў, каб на яго вочы больш не трапляўся. Х-хэ. У труне я бачыў яго... І старую, і ўсіх... Пляваў я на ўсіх з высокага слупа.

— А маці кім працуе?

— На-астаўніца, — з'едліва скрывіўся ён і дадаў: — Я ведаю, чаму яны прагналі мяне. Каб не няславіў іх перад людзьмі і, галоўнае, на працы. Ну і трасца з імі. Пражыву і сам. Мне яны яшчэ больш абрыдлі.

У гэты час дзверы ў наш праход адчыніліся, і мы падабралі ногі. Васіль і Толік усё яшчэ спрачаліся. Я ўлавіў колькі слоў.

— Ты кажаш, — даносіўся хрыплаваты голас Васіля, — што ў жыцці нічога не адбываецца выпадкова? Калі чалавек пакутуе, значыць, гэтыя пакуты заслужаныя?..

Дзверы клацнулі, і мы зноў засталіся сам-насам.

— Я пайшоў да дзяўчыны ў інтэрнат. Каб ты ведаў, якая дзяўчына! Таня. Адна яна мяне разумее. А там якраз мае карашкі: мы з імі на вакзале грошы сшыбаем, пакой адзін грабанулі, дзверы высадзілі. Маг узялі, шмоткі. Цяпер, калі што, мяне падставяць. Людзі ж бачылі мяне там. А пасадзіць мяне, што два пальцы аб асфальт. Я ж судзімы. У Баранавічах сядзеў. У цюразе хацелі пеўнем зрабіць. Ды не на таго нарваліся. Увесь сіні хадзіў, месяцамі свяціў ліхтарамі, а нат і не падумаў здавацца. На канцы я іх бачыў.

— Та-ак, — пашкадаваў я хлопца. — Цяпер табе не пазайздросціш. Слухай, а калі б табе выпала мажлівасць уладкавацца на працу і пачаць новае жыццё, згадзіўся б?

— А-а-й, — выдыхнуў вяла мой субяседнік. — Якое новае жыццё? Хадзіў я, прасіўся, а як толькі даведаюцца, што судзімы, — усё, крыж. Не, я чхаў на гэтых таўстазадых.

— А што ж ты збіраешся рабіць у Баранавічах?

— Не ведаю. Там у мяне пару карашкоў ёсць. Мне цяпер адна дарога: у цюрагу альбо на той свет. Дык ты, гэта, білет мне дасі?

— У гэтым цягніку ты не возьмеш тое, што табе трэба, ні ў аднаго пасажыра, бо ўсе квіткі ў правадніцы.

Недзе ў падсвядомасці маёй гэтыя словы прагучалі так, што, маўляў, у гэтым цягніку ты ні ў каго не знойдзеш спагады, бо яна закратавана падазронасцю і перасцярогай.