Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 60

Алесь Разанаў

У творчасці таксама відаць «адваротныя» крокі: тое, што дасягнулася, штурхае творцу наперад, само адштурхоўваючыся назад.

Чалавек — «часавек»: ён пераводзіць час са статусу будучыні ў статус мінулага.

*

Паэзія «замешана» на прамяністай матэрыі, якая не дазваляе ёй цалкам умяшчацца ў межах свайго часу і выпраменьвае яе ў абсягі вечнасці. I калі гісторыя належыць паэзіі, то сама паэзія — наступнасці.

Тое, што арганічна прысутнічае ў прыродзе рэчаў, калі яно вылучаецца як аргумент у дыскусіі, становіцца спрэчным і праблематычным.

Камень, які ляжаў на дарозе ці ў полі і ўзяты цяпер у руку, пачынае азначаць нешта іншае, чым ён азначаў дагэтуль.

*

Творца не мае біяграфіі. Біяграфію мае аўтар.

*

Калі для «колькаснага» мыслення чым больш нечага, тым яго на самой справе больш, то для «якаснага» наадварот: два менш за адзін, тры менш за два, і дзесяць крокаў — гэта толькі адна дзесятая частка таго кроку, якім дасягаецца мэта, і дзесяць каханняў — адна дзесятая аднаго.

*

Моц, імкнучыся да дасканаласці, мусіць стаць не большай моцай, а нечым іншым, чым моц, і розум не большым розумам, а нечым іншым, чым розум.

*

Паміж тым, што магчыма, і тым, што немагчыма, існуе пэўны зазор, пэўная адлегласць. Гэтая нічыйная зямля — вотчына мастацтва. Тут яно знаходзіць сябе, тут яно ні ад кога не залежыць і таму належыць усім.

*

Чалавек не толькі насяляе рэчаіснасць, але і сам з'яўляецца ёю: яна яго вонкавае цела. I яна можа дазволіць, а можа і не дазволіць увасобіцца яго намерам і думкам, бо ўвасабляюцца яны ў яе.

*

Калі мастацтва — мастацтва, тады яно і палітыка, калі мастацтва — палітыка, тады яно перастае быць і палітыкай, і мастацтвам.

*

Час ад часу чалавек адчувае, што яго жыццё толькі пярэдадзень іншага жыцця, у якое ён пастаянна ўступае і пастаянна не можа ўступіць.

Уся няпростасць у тым, што яно, гэтае жыццё, знаходзіцца за мяжою самога часу, яно не «сённяшняе», а «пазасённяшняе», і каб дасягнуць яго, неабходна самому станавіцца «пазасённяшнім».

Жыццё — у магчымасці жыцця, чалавек — у магчымасці чалавека: ён ёсць настолькі, наколькі становіцца тым, кім можа стаць.

*

Самасвядомасць не тое, што я ўсведамляю сябе сабой, а тое, што ўсведамляе мяне мной.

*

Чалавек упісаны сваім абліччам — унутраным і вонкавым — у ісціну, і ад таго, як ён упісаны, якое ў яго аблічча, залежыць, што ён скажа пра ісціну, што яна сама скажа пра сябе.

Іншым чынам яна не можа ні праявіцца, ні ўвідавочніцца.

*

Калі Хрыста цягнуць, як коўдру, на сябе, даказваючы, што іхняя вера самая правільная, ён — мінулы; калі цягнуцца да яго — ён будучы, і, такім чынам, вернікі і веравызнанні самі апынаюцца альбо мінулымі, альбо будучымі.

*

Рэчы — спадчына, што перадаецца ад чалавека да чалавека, і адначасова спадкаемцы, што наследуюць людзей.

*

Чалавечыя цывілізацыі — не дарога, якая ведае, куды вядзе, і якая не пакідае нікога ў мінулым, а сляды самотнага падарожніка: між імі адлегласць, і з'ядноўваюцца яны між сабой не нацянькі, не суцэльнай лініяй, а праз таго, хто ідзе і не пакідае аб сабе іншых сведчанняў, апроч слядоў.