Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 58

Алесь Разанаў

Як зерне гіне ў парастку, так і ідэя, увасабляючыся ў твор, гіне ў творы; пакуль, хоць часткова, яна прысутнічае ў ім як нешта адрознае ад яго, датуль твор не спраўджаны, не цэласны, не жыццяздольны.

У паўнаце смерці, праходзячы самаахвярны шлях ад «глебы» да «неба», ідэя здабывае сваё поўнае ўвасабленне, а таму — уваскрэсенне.

*

Перашкоды — брускі, якія альбо востраць лязо чалавечай існасці, альбо — у залежнасці ад таго, як яно «ставіцца» да іх — шчарбацяць яго і тупяць.

*

Словы адрозніваюцца як і па тым, што яны азначаюць,— па сэнсе, так і па тым, як яны азначаюцца самі,— па фактуры. Гэта яна «вінаватая», што словы бываюць красамоўныя і невыразныя, сур'ёзныя і пацешныя, мудрагелістыя і простыя.

Фактура — «псіхалогія» слова.

*

Якая б мэта ні прыкладалася да жыцця, яна распазнае ў ім не самое жыццё, а сваю меру, сваю інтэрпрэтацыю і дэфармацыю жыцця і нагадвае сцежку, якая, у які бок ні вяла б, самім сваім рухам парушае і пакідае з боку ад сябе свой асноўны аб'ект увагі — першаісны абсяг, прыроду, зямлю.

Жыццё большзе і разнастайнейшае за мэту, і таму мэта жыцця на практыцы нязменна ператвараецца ў мэту самой мэты.

...Мэта мэты — станавіцца ўсім жыццём.

*

Калі мастак пачынае ацэньваць сябе і выступаць якупаўнаважаны таленту, ён адасабляецца ад гэтага пачатку, і талент становіцца велічынёй, якой яму і самому яшчэ неабходна авалодваць.

*

«Былі на літаратурным вечары ў раёне — і там адкрылі паэта... На семінары маладых адкрылі паэтэсу...» — чуваць, гаворыцьто адзін, то другі дабрадзей.

Але паэты не баравікі, якіх знаходзіць толькі той, хто іх знаходзіць, яны самі актыўны бок, яны самі адкрываюць сябе свету, самі знаходзяць сваю дарогу да чытачоў, і таму, па сутнасці, дабрадзеі адкрываюць ужо адкрытае.

Замест таго каб ствараць атмасферу, якая была б творчай і спрыяла творчасці, вакол літаратурных рэдакцый дзесяцігоддзямі нагняталася задушлівая атмасфера залежнасці ад дабрадзеяў, якая «закрыла» не менш талентаў, чым яны «адкрылі».

*

Тое, чаго чалавек жадае, пра што думае і над чым працуе, становіцца яго псіхаорганам, які, як фільтр, прапускае адны звесткі і веды і затрымлівае даугія.

Веды, засвоеныя механічна,— нямая маса.

Стан творчасці, у якім удзельнічаюць глыбокія пласты чалавечай існасці, адкрывае чалавеку тое, што ён забыў альбо страціў,— я г о веды, я г о рэчаіснасць, якая тым больш сапраўдная, чым больш я г о.

*

Як узвышаецца гара над долам, так над «нулявым» — гарызантальным — узроўнем часу ўзвышаецца будучыня. Яна не мае храналагічных каардынат: яна і ўсюды, і нідзе, бо ўсюды яна плюс яшчэ адно вымярэнне. I якраз у абсягі гэтай будучыні, гэтага плюс яшчэ аднаго вымярэння вядуць і вабяць сцежкі мастацтва.

*

Чым большую глыбіню адкрывае ў сабе чалавек, тым больш у ёй не агульнага, а свайго, якое становіцца сваім і для іншых.

Гэта ўласцівасць — і ў гэтым асаблівасць — творчасці.

*

Непраўдзівая рэчаіснасць вымагае непраўдзівых паводзін, якія, увасабляючыся ў літаратуру і ў культуру, сведчаць, што нас няма дома.

У ёй ёсць н а ш а, але няма нас, ёсць м а ё, але няма мяне.