Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 59

Алесь Разанаў

У спадчыны дзве асноўныя ўласцівасці: захоўвацца і знікаць (знікацца). Калі пераважае першая — яна ператвараецца ў музейны экспанат, муміфікуецца, выпадае з току, а таму і з кантэксту часу, калі другая — становіцца тоеснай акту прыроды і, не належачы іншым часам, не належыць таксама сабе.

Спадчына адбываецца як суразмова, у якой тое, што ёсць, самаасэнсоўваецца, што яно ёсць.

*

Верш істотны не сваімі ідэямі альбо метафарамі, а тым, што ад аўтара нібы і не залежыць. Так, верш — гульня, але гульня, у якой згаджаюцца ўдзельнічаць сутнасці.

*

Этымалогія не выяўляе сутнасці слоў, а «расчароўвае» словы. Але, «расчараваныя», словы нічога не памятаюць ні пра сябе, ні пра тую таямніцу, якой яны поўняцца, пакуль застаюцца ў сваім моўным полі.

Даследаванне, робячы словы «анатамічнымі» аб'ектамі, не чуе, што кажуць і што хочуць сказаць яны самі. Гэта чуе ці, прынамсі, у гэта ўслухоўваецца паэзія.

*

Нас амаль не засталося ў сферы духу, у нас амаль усё, да самых інтымных драбніц, вынесена ў грамадскую сферу, і нават да пакаяння — глыбокага патаемнага акту — нас заклікаюць грамадскія дзеячы.

Аднак пакаянне па закліку і напаказ яшчэ больш аддаляе магчымасць сапраўднага пакаяння, якое адбываецца тады, калі яно адбываецца.

*

Сфера паэта не сфера слова, дзе ўпэўнена сябе пачуваюць прамоўцы і вершапісцы, а сфера, дзе слова яшчэ не зацвярдзела ў значэнні і ўяўляе першасную матэрыю, падобную магме.

Паэт не валодае словам, яму не падабаецца валодаць і загадваць тым, што і так ужо запалонена прадметнаю рэчаіснасцю, ён імкнецца, як сказаў Уладзімір Жылка,— можа, самы высокі беларускі паэт,— «за рубеж чалавечага слова», каб вызваліць слова з абалонкі зацвярдзеласці і ім засведчыць, што ёсць Свабода і Хараство.

*

Той, хто спазнае, і тое, што спазнаецца, твораць новую рэчаіснасць — з н о. У ёй знікае падзел на суб'ект і аб'ект, і яна новая не таму, што настае пасля нечага, а таму, што ніколі не бывае старой.

Для суб'ектыўнага з н о становіцца сведчаннем яго аб'ектыўнасці, для аб'ектыўнага — магчымасцю сведчыцца, быць сведчаным; яны — з'явы яго прысутнасці, яно — сутнасць іхняй з'яўнасці.

*

Паэт не адказвае на пытанні жыцця. Ён сам пытаецца, але, у адрозненне ад іншых, пытаецца так, каб яго пытанне мела рэха.

*

Калі чалавек змагаецца, ён змагаецца і супраць сябе.

*

Усе знаходзяцца на аднолькавай адлегласці а д Бога, але на рознай д а Бога.

*

Віртуозы верша ўмеюць быць адразу і левымі, і правымі, але не ўмеюць — простымі. Іхняе ўмельства як знак Мідаса: усё, да чаго яны дакранаюцца, метафарызуецца, рыфмуецца, дэфармуецца: мова — у красамоўства, учынак — у жэст, факт — у эфект, сумленне — у вокны сумлення, смеласць — у амплітуду смеласці.

Яно напаказ: у прынцыпе, яно не ўмее тварыць, але вельмі добра ўмее паказваць, што яно творыць. Яно перасалоджвае, перасольвае, перакручвае, перагінае і ў гэтым п е р а мае свой змест.

*

Калі чалавек ідзе і ў працэсе хады робіць свой чарговы наступны крок, тое поле, якое знаходзіцца наперадзе, на адлегласць гэтага кроку адступае назад — яно нібы рухаецца ў адваротным кірунку.