Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 53

Алесь Разанаў

Яно — наш страчаны зрок, яно — наш страчаны слых, і яно — абяцанне, што мы ўсё адно калі-небудзь станем «слушнымі» і «відушчымі».

*

Чалавек не можа ні сама-жыць, ні сама-памерці, ні сама-перайначыцца. Усё гэта магчыма толькі ў кірунку да нечага, і чым далей яно, гэтае нешта, тым больш істотны і змястоўны чалавечы спосаб жыцця, тым больш чалавек — чалавек.

Каб ісці далей, чалавек мусіць ісці не сабой, а з сябе — удакладняцца, удасканальвацца, станавіцца наступней-шым; гэта – шлях ва ўсё большую свабоду, усё большую адказнасць і ўсё большую неабсяжнасць, на якім нават нягоды і перашкоды па-свойму спрыяюць чалавеку.

I не самі па сабе, а менавіта ў «кірунку да н е ч а г а» магчымы веды, магчыма разуменне, магчыма жыцце і смерць.

Аўсе тыя набыткі, што не сугучны асноўнаму чалавечаму шляху, урэшце аказваюцца цяжарам і зманам і адпадаюць, як з дрэў сухая кара. Нярэдка — разам з самім чалавекам.

*

Ведама: чалавек Пётр мусіць ставіцца да чалавека Паўла, як да самога сябе, і зычыць яму таго ж, што зычыць самому сабе. Але... Але дзе гарантыя, што чалавек Пётр на самой справе ставіцца да сябе найлепшым — найчалавечым — чынам і што яго самастаўленне, перанесенае на чалавека Паўла, не прычыніць апошняму шкоды? Ён жа, зрэшты, можа і ненавідзець самога сябе, і пагарджаць сабой, і нават адбіраць у самога сябе жыццё, бо ў дачыненні да самога сябе ён не толькі суб'ект, але і аб'ект, «аііег едо», той жа самы чалавек Павел.

I пакуль «Павел» Пятра не стане цалкам Пятром, а «Пётр» Паўла — Паўлам, абодва яны застаюцца ў сферы вонкавых адносін, дзе праблемы не вырашаюцца, а рэгламентуюцца і дзе сутнаснае падмяняецца разумовым.

Чалавек Пётр, ачышчаны ад еваёй дваістасці, будзе ставіцца да чаяавека Паўла, як менавіта да чалавека Паўла, але гэта будзе сутнаснае стаўленне, якое ратуе, а не губіць душу аднаго і душу другога.

*

Вершы нараджаюцца не з уладнага «хачу», а з безабароннага «хочацца».

*

Калі паэт ведае, што ён хоча сказаць, ён не здолее гэтага сказаць (прынамсі, як паэт), для гэтага ён мусіць вярнуцца ў тую глыбіню, дзе нязведанае яшчэ не стала зведаным, інтуітыўнае — рацыянальным і дзе рэчы яшчэ не маюць імёнаў.

Птах натхнення ўзлятае адтуль.

*

Пачварнае не проста антыпод прыгожага, але і ўмова яго, і лона; і, як лона, яно скрыта ад старонніх мерак і позіркаў — яго нельга разглядаць, яго нельга аналізаваць — апроч анатоміі, мы ў ім нічога не зможам убачыць і выявіць.

Пачварнае — анатамічнае, аднаканатамічнае не ведае, што яно пачварнае, бо тое, што яно жывіць, для яго таксама яно.

Нездарма самая прыгожая і чароўная кветка — папараць-кветка — узыходзіць у самай сарцавіне цемры, у нетрах, у глухамані — з пачварнага.

*

Мастаку не трэба абвяшчаць, да якой партыі ён належыць і за якія ідэі змагаецца. Гэтыя дэкларацыі, разлічаныя на казённую ўвагу, перамагаюць у першую чаргу самое мастацтва.

Па самой сваёй прыродзе мастацтва — паядынак з чалавекам за чалавека, і толькі тады, калі яно ўхіляецца ад гэтай ролі, яно мае патрэбу ў дэкларацыях і абвяшчэннях, куды яно і якое яно.