Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 54

Алесь Разанаў

Мастак — кажучы фігуральна, заўсёды большы раяліст, чым кароль, і большы каталік, чым папа рымскі

*

У спадчыны дзве ўстойлівыя ардынаты: яна пастаянна мінулая і пастаянна сучасная. Сваёю існасцю яна знаходзіцца ў гісторыі, але сваёю істотнасцю — у чалавечых душах.

Ёсць глыбокая заканамернасць у тым, што ад нябогі адбіраецца апошняе, а заможнаму даецца звыш таго, што ён мае. Спадчынай валодае той, хто мае моц засвоіць яе, той жа, хто гэтай моцы не мае, у лепшым выпадку з'яўляецца яе захавальнікам.

Каштоўнасць спадчыны не ў суме экспанатаў, а ў здольнасці гэтых экспанатаў адгукацца, у рэху, якое прамаўляе да сучаснікаў іхнімі ж галасамі; калі гасне рэха — гасне спадчына.

*

Не, творчасць не гульня, гэта — такі «сур'ёз», у параўнанні з якім само надзённае жыццё ўяўляецца гульнёю.

Гульня мае ў сабе і фактар самагульні, гульні ў «паддаўкі», і калі творца згаджаецца атаясаміцца з ёю, ён непазбежна становіцца адным з многіх, абавязуецца дзейнічаць паводле пэўных правіл, якія вылучаюць гульню з астатняга свету і з'яўляюцца на яе тэрыторыі універсальнымі.

Але ў аснове творчасці свой універсум — ісціна, для якога свая тэрыторыя — увесь свет і нават пазасвет. Таму, імкнучыся да ўсё большай ісціннасці, творчасць бесперапынна парушае і пераадольвае правілы, якія ўсталёўвае гульня.

*

Поспех — не той арыенцір, які дазваляў бы мастаку «расці да неба».

Творчасць «на поспех» спрашчае і аберыруе саму творчасць, падпарадкоўвае яе крытэрыям і густам, якія пануюць у дадзеным часе і ў дадзеным асяродку, і, дамагаючыся ўзаконьвання і ўвекавечання, робіць яе залежнай ад той інстанцыі, якая сама не валодае статусам вечнасці і законнасці,— ад хвілечасовасці.

*

У нацыянальным спеюць зярняты космасу, і дзякуючы гэтым зярнятам яно адкрываецца і прамаўляе свету — становіцца інтэрнацыянальным.

Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае суадносяцца між сабой як з'ява і праява; бессэнсоўна іх супрацьпастаўляць і замыкаць адно на адным — яны не дзве розныя дадзенасці, а адзіны працэс, у якім нацыянальнае рэалізуе сваю ўнутраную перспектыву — касмічнае.

Нацыянальнае — кансерватыўнае, але гэта кансерватыўнасць глебы і мацярынскага лона, тая кансерватыўнасць, якая захоўвае і зберагае будучыню. I той, хто, намерваючыся як мага хутчэй наблізіць будучыню, бурыць нацыянальнае, бурыць гэтым самым і будучыню.

Чым больш у нацыянальным касмічнага, тым больш у ім менавіта нацыянальнага. I такім чынам — інтэрнацыянальнага.

*

Форма — аптымальная дыстанцыя, якая ўсталёўваецца паміж творам і аўтарам і якая дазваляе гэтаму твору быць змястоўным. Калі мы спрабуем пасунуць яго «бліжэй», ён размываецца, «далей» — ён чужэе, выпадае з поля нашага зроку, бо форма твора — гэта не форма таго, што ёсць, а форма нашага спасціжэння таго, што ёсць.

*

Любіць, а за што? — у адказ на даўні заклік задаецца «разумнае» пытанне.

Але ўвесь парадокс у тым, што любоў за нешта — гэта ўжо не зусім і любоў.

*

Кірунак і асаблівасць паэзіі: выказаць словамі тое, што проста так, па за паэзіяй, выказаць немагчыма,— невыказнае.