Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 43

Алесь Разанаў

Да першага полюса схіляліся Цётка і Купала, да другога — Багдановіч і Колас.

*

Жанр вынікае са стылю, стыль, кандэнсуючыся, акрэсліваецца ў жанр.

*

Не выходзячы ўсё нанова на «поле Курукшэтра» («Бхагавадгіта»), не апынаючыся сам-насам перад сваім лёсам, перад усё новай невядомасцю, губім у сабе космас магчымасцяў.

*

Мастацтва — ма(г)стацтва.

*

Адзінства адбываецца тады, калі выяўляецца падзел, размежаванне. Касуючы размежаванне, касуем і само адзінства. Яно не ёсць, яно адбываецца.

*

Шурпатасці не заганы. У іх зародкі наступнага — большага — вымярэння. Усе значныя ідэі, усе адкрыцці вынікалі менавіта з шурпатасцяў.

У шурпатасцях (стылю, мовы, творчасці) ёсць нейкая свая, своеасаблівая перавага. Яны нібы руда, у якой яшчэ нешта ёсць, апроч ачышчанай матэрыі.

*

Аснова мовы — маўчанне, гучанне — уток.

*

Паміж берагамі нараджэння і смерці, пытання і адказу, пачатку і канца тая пространь, якую нельга запоўніць ніякай іншай матэрыяй, як толькі матэрыяй свайго жыцця.

*

У часы, калі душа затлумлівалася, пачынаў турбавацца пра многія справы, хапацца за розныя намеры. Няўжо яны — усе гэтыя турботы і жаданні — толькі вынік не дастаткова яснай свядомасці?!

*

Што там, у нас саміх, у глыбінях нашай свядомасці: якія містэрыі адбываюцца, якія рэкі цякуць, якія віры віруюць?.. Незразумелая патаемная сувязь паміж жыццём чалавека і тымі глыбінямі, пра якія часам сведчаць сны. I, магчыма, якраз у гэтым сакрэт мастакоўскай самабытнасці - каб характар творчасці адпавядаў характару тваіх сноў.

*

Традыцыя наследуе супрацьстаючы і супрацьдзейнічаючы. Без гэтага супра ць яна апынаецца толькі перайманнем, і самае большае, чаго яна можа дасягнуць,— паўтарыць папярэдняе.

Суадносіны традыцыі і наватарства знаходзяцца ў творы ў гэтакай жа непарыўнасці, як яго змест і форма.

*

Адзін дужа грунтоўны пісьменнік павучаў, выступаючы, маладзейшых: літаратура — гэта бег на доўгую дыстанцыю, важна не тое, як хто пачынае і як прадаўжае, а хто з якім вынікам прыходзіць да фінішу.

Можна было здагадвацца, што сабе ён запланаваў дыстанцыю ледзь не марафонскую і ўжо недзе расставіў «этапныя» вехі на ёй... I толькі адно заставалася незразумелым: навошта ўсе гэтыя дыстанцыі, усе гэтыя марафоны, усё гэта беганне, калі сутнасць у выніку. Дзе вынік — там і фініш.

*

Купалаўскі прарок з аднайменнага верша вясткуе і прапаведуе «я к шалё н ы». Прарокі не памятаюць. Яны гавораць не сваё, не ад сябе. Памяць — набытак асобы.

*

Той «утрапёны» ген, які прымушае вугроў падавацца на нераст у неймавернае вандраванне — праз тысячу водаў — у сваё мора, у сваё лонвішча, ген, які размыкае замкнёнае — час... Як не стае яго ў нашых разумных, пісьменных, правільных вершах?..

*

Не толькі паняцце ўцелясняецца ў слова, але і наадварот — слова здабывае паняцце. Як вакол электрода, устаўленага ў вадкасць, збіраюцца малекулы рэчываў, так і тут: слова, назваўшыся, арэчаўляецца сэнсам, значэннем. Слова кліча — сэнс адгукаецца.

Гукавая творчасць «завумнікаў».

Дапаняцційны сэнс замоў.

*

Верш гаворыць пра тое нешта, чым з'яўляецца ён сам.