Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 42

Алесь Разанаў

Усялякая канцэпцыя плённая датуль, пакуль яна здатная рухацца і змяняцца. Зацвярдзелая — яна замінае жывому, становіцца перажыткам. Акалі абіраецца вежай для назірання, то пачынае выкрываць і самое мастацтва: яно, маўляў, заўсёды не туды... Затое «ніякасць» і «таясам-насць» пярэчанняў у яе не выклікаюць: яны заўсёды туды...

*

Традыцыя — сувязь, доўгае «замыканне»: для яе абавязковыя два цэнтры адліку, два асяродкі творчасці. Яна не існуе, а ўсталёўваецца, не даецца, а дасягаецца: «ніякасны» прыёмнік не можа ўсталяваць якаснай сувязі.

Гаворым пра сваю традыцыйнасць... Але каб стаць дастаткова традыцыйнымі, неабходна стаць дастаткова творчымі.

*

Такі звычай: хата, пасля таго як пабудуецца, асвячаецца. Не асвечаная, яна яшчэ не поўная, не завершаная, не дастатковая.

Рукатворнае жыва-творыцца, духа-творыцца і такім чынам перастае быць толькі пабудовай, толькі памяшканнем, толькі структурай.

Вытворчасць тым і адрозніваецца ад творчасці, што яна спараджае структуры, памяшканні, пабудовы — неасвечанае.

*

Няспелыя яблыкі нельга адасобіць ад дрэва: яны яшчэ драўляныя. Гэтаксама і творы: «няспелыя» — яны не могуць займець сваёй самастойнасці, не могуць адлучыцца ад паперы.

Для «спелых» — папера нежытло, а прыстанак; у іх новае бытаванне, іншая прапіска.

*

Выказванне таму і магчыма, што ёсць невыказнае. Інакш усё можна было б выказаць адразу, нібы вычарпаць радовішча.

Паміж невыказным і выказваннем утвараецца ток мовы.

Моваў шмат, прамова адна: невыказнае. Гэта на ёй «гаварылі» да слыннага вавілонскага непаразумення.

Мова, перад тым як агучыцца, праходзіць патаемныя фазы развіцця, уцеляснення. Гаварэнне — верхняя, «уцеляснёная» мова.

Парушанае бязмоўе ўтварае мову.

*

Час — люстэрка, якое дазваляе ўбачыць сябе як некага. Але — сябе мінулага.

*

Доследы біятронікаў выяўляюць, што ўсё існае ў прыродзе — лісты, дрэвы, асобныя клеткі і цэлыя планеты — мае свой энергетычны каркас.

Энергетычнае дрэва творчасці, з якога тады-сяды, у нейчыя рукі, спадаюць «ньютанаўскія» яблыкі.

*

Мастак не ўласнасць: ён не належыць ні сабе, ні каму-небудзь іншаму. Ён як прыроднае радовішча.

Гэтая перасцярога адносіцца і да яго самога, да яго таленту: не марнуй, не рабуй, не крадзі...

*

Паміж чалавекам і светам існуе невядомая пераменлівая велічыня. Часам яна зацемненая — і тады свет хаваецца ад чалавечага зроку ў адчужэнне і няўцямнасць, часам прасветленая — і тады свет адкрываецца, «откровенничает». З матэрыі гэтай невядомай пераменлівай велічыні і творацца вобразы. Вобразнае бачанне — «прыблізнае» бачанне.

*

Усё жывое расце знутры: дрэва з зярняці, квецень з дрэва, плод з квецені, зерне з плода...

Кірунак слова, як і зярняці,— знутры.

*

Мове ўласціва нейкая няправільнасць, з-за чаго яе немагчыма дарэшты ахапіць сістэмай. «Правільная» мова схематычная: яе перастаюць вымаўляць. «Няправільнасць», альбо «недасканаласць» мовы — яе рухавік, умова яе бытавання, дзверы, адчыненыя ў свет.

*

Два полюсы творчасці: натхненне і засяроджанне, выйсце па-за сябе і ўвыйсце ў сябе, экстатычны і медытатыўны, ультрагукавы і інфрагукавы.