Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 40

Алесь Разанаў

На адной мове — хлеб, і на другой — таксама... Але ўсё роўна гэта не тыя самыя, не аднолькавыя словы. Аднолькавымі яны становяцца, калі выпісваюцца з моўнага поля: па-за адной мовай — хлеб і па-за другой — таксама.

У албанскай мове, паводле мовазнаўчых высноў, на дзевяць дзесятых словы запазычаныя, на восем дзесятых — у армянскай мове, і недзе палавіна ангельскіх слоў — таксама запазычанні...

Але тым не менш гэтыя «іншаземцы» арганічна ўпісаліся ў мовы, якія іх прынялі.

Мова напаўняе словы, як позірк — зрэнку: напаўняе сабой.

У кожным слове жыве дух усёй мовы.

Смак «хлеба» і «хлеба» неаднолькавы.

*

Мастацтва не мае свайго абсягу, ён рассяроджаны ва ўсёй рэчаіснасці. Вобразы і тэмы аточваюць мастака, як вірусы. Звычайна яны не заўважаюцца, не бачацца, як бы адсутнічаюць. Для таго каб яны згусціліся, аб'явіліся, урэчаісніліся, мастак мусіць для іх зрабіцца безабаронным і ўспрымальным, мусіць «захварэць».

*

Як бы адмыслова ні складваліся дровы для вогнішча, праз гэта яны не запаляцца.

Умельства мае справу з дровамі, творчасць — з агнём.

Яна заўсёды выключэнне з правілаў, выключнасць і адбываецца праз парушэнне. Правілы, абавязковыя для ўмельства, на яе не распаўсюджваюцца: агонь сам ведае, як яму гарэць.

Але каб магло выказацца ш т о, мае быць праз што:у творчасці — умельства, у агню — дровы.

*

Не ўсё можна ўраўнаважыць, не ўсё можна ахапіць сярэдзінай. I ў творчасці, і ў самім чалавеку ёсць такія зоны, якія спасцігаюцца якраз краямі, крайнасцямі, адхіленнямі.

Сярэдзіннае меркаванне не сінтэзуе два дынамічныя краі, а сунімае: маятнік, ураўнаважаны на сярэдзіне, спыняецца.

Паскаль пісаў, што прынцыпы падтрымліваюць не самі сябе, а абапіраючыся на іншыя, наступныя.

Не праз ураўнаважанне, а праз выхад у новую сферу, у новую глыбіню, у новы прынцып, праз стварэнне новай няпростасці краі сапраўды пагаджаюцца, сапраўды сінтэзуюцца.

*

Мастацтву ўласціва нейкая няпростасць, іншамернасць, якая не паддаецца канчатковаму засваенню і тлумачэнню. Дзякуючы ёй твор уваскрашаецца і перажываецца нанова.

Крывое карэнне самае простае для таго, каб быць менавіта карэннем.

Пакручастая рэчка самая роўная для таго, каб быць менавіта рэчкай.

Іншамернасць — уласцівасць жывога.

*

Верш праяўляецца як водгук, ён моцны моцай водгуку. Паэт гаворыць адгукаючыся: ён мае ўласцівасць, здольнасць, радарнасць чуць тое, што іншых прамінае, не кранаючы.

На зерне, якое ўпала ў яе, ралля адгукаецца рунню.

На ўдары крэсіва крэмень адгукаецца іскрамі.

Калі Блоку пераставала чуцца музыка свету, ён не мог пісаць вершаў.

Слова ў паэзіі як бы нанова набываецца, як бы нанова вяртаецца — яно апладняецца водгукам.

*

У мове ўтрымліваецца намаганне; дзякуючы яму яна пастаянна «моўная», пастаянна «менавітая»: яна сама, паводле сябе самой, дае імёны ўсім рэчам і з'явам.

Мове нельга спрыяць звонку — як папіхаецца воз, калі каню цяжка, як корміцца з рук сабака: намаганне мусіць адбывацца спаўна. Няспоўненае — яно паслабляецца, неадбытае — марнуецца.

Мова бытуе намагаючыся.

*

Чалавек, творачы, ужо больш, чым сам, ужо далей, чым тут. Ён, як антэна, змястоўны не сабой, а пазасабовасцю. I чым менш у ім самога сябе, яго самаснасці, тым больш ён чуйны, тым больш востры, тым больш ён усё, увесь Сусвет.