Читать «Паляванне ў райскай даліне» онлайн - страница 39

Алесь Разанаў

*

Нават не вынаходзячы новых слоў, паэт усё роўна стварае свой слоўнік. Вартасць яго не ў саміх словах, а ў іхніх сувязях, у іхняй арыентаванасці.

Словы ў вершы нібы цагліны альбо пялёсткі, але сам верш — цэласнасць: дом альбо ружа. Многія словы ў вершы складаюцца ў адно вялікае — верш.

Словы — тая першаматэрыя, тыя першаатамы, якія, слухаючыся паэта, афармляюцца і ў «ружы», і ў «цагліны».

Паэт — душа мовы.

*

Дыялог — пастаяннае ўдакладненне. Гэта я бачу сябе ў іншым, не здавальняюся гэтым сабой, папраўляюся.

Мастацтва дыялагічнае. Яно гаворыць, і яно адгукаецца. Яно Голас, і яно Рэха.

Так маюць на ўвазе зваротны рух заклік да бою і малітва.

Лямантаванне ў пустыні — гэта калі без Рэха.

«Заву, заву, а зовы мае замкнёныя»,— пераказвала Вера Сямёнаўна Палтаран нараканне адной хворай бабулькі.

Прызванне паэтаў — вырошчваць рэха.

Мастацтва, якое толькі гаворыць, спусташаецца, выраджаецца.

Гукапіс — у рэху, рытм — у рэху, твор арганізуецца рэхаючы.

Калі шукальнікі скарбаў даследуюць сховішча, яны раяцца з рэхам. Запытаюцца — паслухаюць. Часам запытаюцца гучна, часам ледзь-ледзь, намёкам.

Паэт таксама пытае і слухае.

Мова і ён у дыялогу.

*

Верш закручваецца, як стужка Мёбіўса: што ў ім унутранае, а што вонкавае, што форма, а што змест? Усякае размежаванне спрашчае, усякі падзел разбурае жывую вібрацыю сэнсу, якая ўзнікае дзякуючы гэтаму суаднясенню: верш набывае мову праз яе.

*

Паэзія траціцца, калі творыцца па аналогіі, па традыцыі, па майстэрстве — з матэрыі вядомай, і адраджаецца, калі — з невядомай: па адкрыцці, па невыказнасці, па немагчымасці.

Думка абмяжоўвае. Наколькі адкрывае, настолькі абмяжоўвае. Чым больш адкрывае, тым больш абмяжоўвае.

Разумнае абмежавана, адкрыццё не-разумнае.

*

Калі альпініст караскаецца на строму, ён намацвае і даследуе на шляху кожную выемку, кожны выступ. Але, пераадолеўшы іх дзякуючы ім жа, ён не абавязаны пра іх памятаць, наадварот — ён мусіць іх забываць, каб памятанне пра іх не замінала яму намацваць і даследаваць новыя выемкі і выступы, не замінала ўздымацца вышэй.

Веды таксама ў пераадоленні; яны — тыя ж выемкі і выступы: набытыя, яны пазбываюцца, знойдзеныя — застаюцца ў пройдзенасці.

*

У тэкстах існуе пазатэкст, у тэмах — пазатэма: нішто не месціцца ў сабе, але—у вылучэнні.

Ключы ад хаты ляжаць не ў самой хаце.

Вядро ставіцца каля студні.

Акупунктурныя кропкі тых ці іншых участкаў цела рассеяны па ўсім целе.

Без удзелу такіх «кропак» любыя тэксты і тэмы — з'ява перыферыйная.

*

Словы ў вершах шукаюць сваіх антаганістаў, сутыкаюцца і спрачаюцца з імі, каб перамагчы падзел, мяжу, раз'яднанне, каб стаць поўнымі і цзласнымі.

*

У розных мовах словы асвойваюцца па рознаму, свае — па-рознаму.